Новыя графіці ў Мінску: "Гэта я кірую разгонамі мірных сходаў". Фота
Раніцай 27 сакавіка ў Мінску з'явіліся новыя графіці. Іх аўтары адрэагавалі на апошнія падзеі ў нашай краіне. Як вядома, 25 сакавіка ў сталіцы былі затрыманыя сотні людзей, некалькі дзясяткаў схапілі ў нядзелю.
Адно з графіці з'явілася на трансфарматарнай будцы ў двары аднаго з дамоў каля плошчы Перамогі (раней на ёй быў зафарбаваны партрэт народнага пісьменніка Васіля Быкава). Цяпер жа там можна пабачыць выяву чалавека, падобнага на міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Побач надпіс: "Гэта я ганаруся формай і метадамі НКУС".
Недалёка ад Мінгарвыканкама з'явілася выява чалавека, падобнага на начальніка мінскага АМАП Дзмітрыя Балабу. Побач подпіс: "Гэта я кірую разгонамі мірных сходаў грамадзян. За вашыя грошы".
Каля Інстытута культуры з'явілася выява чалавека, каля якога напісана: "Гэта мы з пацанамі скрадаем людзей". У подпісе згадваецца Ігар Яўсееў, "начальнік упраўлення ўнутраных спраў".