“Ну і што, што ён не трэніраваў “Рэал”… Як Хацкевіч стаў трэнерам зборнай
Абмеркаванне яго кандыдатуры заняло каля 10 хвілін. 18 з 19 членаў выканкама АБФФ прагаласавалі “за”, адзін устрымаўся.
Яшчэ 5 снежня ў сталічным "Прайм-холе" Аляксандр Хацкевіч уручаў узнагароды лепшым футбалістам краіны на цырымоніі "Зорны мяч", а днём 6-га страціў пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай. Па чутках, праз недастаткова добрыя вынікі зборнай.
Еўрарадыё ўзгадвае, як роўна 2 гады таму праходзіла паседжанне выканкама АБФФ, на якім яго на гэтую пасаду выбралі.
На паседжанне выканкама АБФФ прыходжу за пяць хвілін да пачатку, раскладваюся на мяккім стуле ў першым шэрагу гледачоў, адкуль мяне далікатна зганяюць: “Прабачце, тут Аляксандр Мікалаевіч”. Інтрыга знікае — трэнерам будуць выбіраць Хацкевіча. Канчаткова яе знішчае намеснік кіраўніка федэрацыі Сяргей Сафар’ян.
“Я ўношу на ваш разгляд зацвярджэнне на пасадзе галоўнага трэнера нацыянальнай футбольнай зборнай Рэспублікі Беларусь Аляксандра Мікалаевіча Хацкевіча. Яго асобу мы сёння раніцай абмяркоўвалі на паседжанні бюро, гэта кансалідаваная прапанова членаў бюро — вынесці кандыдатуру Аляксандра Мікалаевіча на разгляд на паседжанні выканкама. І рэкамендаваць зацвердзіць яго на пасадзе. Думаю, ён не патрабуе асаблівых прадстаўленняў”, — урачыста заяўляе Сафар’ян.
Побач з ім кіраўнік АБФФ і віцэ-прэм’ер Сяргей Румас. Акрамя іх за вялікім авальным сталом яшчэ 17 чалавек. Пазнаю Юрыя Пунтуса і Юрыя Чыжа. На руцэ бізнэсоўца той самы гадзіннік Circus Minute Repeater за 400 тысяч долараў. “Нядобрая пыкмета”, — пачынаюць жартаваць журналісты ў сацсетках. З гэтым жа гадзіннікам Чыж мінулы раз галасаваў за Кандрацьева.
Гадзіннік Юрыя Пунтуса куды сціплейшы, за гадзіннік Чыжа.
А Юрый Чыж прыйшоў з тым самым, што і тры гады таму, калі выбіралі Кандрацьева.
Хацкевіч выходзіць да выканкама, становіцца за кафедру, пачынае дзякаваць за давер і абяцаць апраўдаць чаканні. На пытанне аб праграме працы няўцямна гаворыць пра планы пакінуць Кульчыя і таямнічага заморскага спецыяліста:
“Аляксандр Кульчы застанецца ў зборнай. Цяпер таксама вядуцца перамовы з замежным спецыялістам. І мы спадзяемся, што ён будзе з намі працаваць. Сёння я не магу назваць імя, бо ён мае дзейсны кантракт”.
Хацкевіч кажа, што праграму працы сабе ўяўляе. І не толькі са старэйшай нацыянальнай камандай, але і з малодшымі. Падрабязна абяцае расказаць усё на першай прэс-канферэнцыі.
Перадвыбарчую ідылію нечакана псуе член выканкама АБФФ з Брэста Яўген Трацюк. Ён кажа, што ў прынцыпе не супраць прагаласаваць за Хацкевіча. Кандыдатура, маўляў, не самая дрэнная. Магло і горш быць. Але пры адной умове — няхай Хацкевіч пакуль будзе не трэнерам, а выконваючым абавязкі:
“Няхай да канца гэтага цыкла Аляксандр… Мікалаевіч, так? Аляксандр Мікалаевіч не будзе прызначаны галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай, а будзе выконваць абавязкі галоўнага трэнера. Да канца цыкла. Калі будзе нармальны вынік, калі мы пабачым рух зборнай наперад, то з задавальненнем працягнем працу з Хацкевічам. Адзін раз мы ўжо пагарэлі. Прызначылі Георгія Кандрацьева на два цыклы. У выніку маем тое, што маем”.
Маем, насамрэч, не шмат. Шансы нават на трэцяе месца ў групе зборная Беларусі ўжо страціла. Хацкевіч жа, хоць і вядомы ў Беларусі футбаліст, але трэнерскага досведу ў яго пакуль не так шмат — дубль кіеўскага “Дынама” і другая ўкраінская ліга, гэта даволі сціпла, як для трэнера нацыянальнай зборнай.
Але Трацюка ніхто не падтрымлівае. Гучаць адно прапановы падтрымаць Хацкевіча. Маўляў, галоўнае, што ён беларус. А што не трэніраваў пакуль мадрыдскі “Рэал” — не бяда:
“Там далей мы ўжо самі зразумеем, памыліліся мы, альбо не памыліліся. Давайце падтрымаем Аляксандра Хацкевіча. Гэта абсалютна правільнае рашэнне. Чалавек ён вопытны, беларус перадусім. Прайшоў вялікую школу. Мае самыя разнастайныя трэнерскія катэгорыі. А тое, што не працаваў у мадрыдскім “Рэале”, то затое працаваў у кіеўскім “Дынама””.
Галасуюць за Хацкевіча амаль адзінагалосна. Самотна ўстрымліваецца толькі “бунтаўшчык” Трацюк. Прычын, па якіх да стадыі галасавання на выканкаме не дайшлі кандыдатуры Кучука і Ганчарэнкі ні Сафар’ян, ні Румас не тлумачаць. Агулам выбары і абмеркаванне кандыдатуры новага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе на выканкаме АБФФ займаюць каля 10 хвілін. Прыкладна столькі ж, колькі тры гады таму выбіралі Кандрацьева.
Сяргей Румас (сядзіць), Сяргей Сафар'ян (стаіць).
Хацкевіч падчас выбараў відавочна хвалюецца, але апрануўся маднява.
Аспрэчыць прызначэнне Хацкевіча спрабуе толькі Яўген Трацюк.
Галасуюць амаль адзінагалосна і нават не паглядаючы на Хацкевіча.