Нурсултану Назарбаеву зрабілі аперацыю на сэрцы
Нурсултан Назарбаеў / фота Даміра Атэгена
Нурсултан Назарбаеў перанёс аперацыю на сэрцы, паведаміў прэс-сакратар былога прэзідэнта Айдас Укібай у Twitter. Па яго словах, аперацыя прайшла паспяхова. Пагрозы жыццю Назарбаева няма.
"Цяпер ён знаходзіцца пад наглядам", — удакладніў прэс-сакратар былога прэзідэнта Казахстана. Вядома таксама, што аперавалі Назарбаева ў Нацыянальным навуковым кардыяхірургічным цэнтры пад кіраўніцтвам кардыяхірурга Юрыя Пя.
Год таму ў Казахстане ўспыхнула вулічнае супрацьстаянне. Каб яго пагасіць, у краіне задзейнічалі нават сілы АДКБ. Пасля нармалізацыі абстаноўкі ў Казахстане пачаліся палітычныя рэформы. Былі ўнесеныя папраўкі ў Канстытуцыю, а родных і прыхільнікаў першага прэзідэнта краіны Назарбаева сталі адхіляць ад улады. Дзень першага прэзідэнта выключылі са спісу дзяржаўных святаў. Сталіца з Нур-султана зноў стала Астаной. А ў студзені гэтага года Канстытуцыйны суд Казахстана адмяніў закон "аб першым прэзідэнце — Елбасы". Ён гарантаваў былому кіраўніку краіны Нурсултану Назарбаеву імунітэт ад пераследу і недатыкальнасць яго маёмасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.