Няма ўказа прэзідэнта — няма адмены крэдытаў для міліцыянераў пад 5%!
"Міліцэйскім" крэдытам на жыллё пад 5% ніякі крызіс не страшны.
Пасля адмены крэдытаў пад 14 і 16% для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў ў “Беларусбанку” засталіся крэдыты пад 12 ( для шматдзетных), 25,5 (для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў) і 28,5 % гадавых (на агульных умовах).
А, напрыклад, крэдыты для ваенаслужачых ніхто не адмяняў! У банку тлумачаць, каб атрымаць крэдыт, патрэбнае рашэнне ад ведамства, дзе служыць міліцыянер:
“Льготны крэдыт толькі на падставе рашэння ведамства. Калі прыходзіць рашэнне, значыць, адкрываецца крэдытная лінія. Вы падаеце рашэнне ў ваша ведамства, дзе служыце, і вашае ведамства вырашае, патрэбны вам крэдыт ільготны ці не. Звярніцеся ў аддзел жыллёвай палітыкі па месцы службы, і тады ўжо да нас”, — тлумачаць мне ў “Беларусбанку”.
Але мне ўсё яшчэ не зразумела, ці даюць крэдыты міліцыянерам. У “Беларусбанку” ўзгадваюць указ прэзідэнта № 13:
“Льготныя крэдыты даюцца па ўказе прэзідэнта і адмяняюцца толькі ўказам прэзідэнта. А крэдыты для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні ўмоваў, фінансуюцца банкам”, — выдае дзяўчына-кансультант.
Падлічыць суму крэдыту, выплат і пераплаты (аж смешна пра гэта казаць: крэдыт пад 5% — гэта амаль дарам) так проста нельга. Але нечакана высвятляецца, што можа быць яшчэ нейкі “паніжаючы каэфіцыент”:
“А мо ў вас будзе які паніжаючы каэфіцыент па доме? Паніжаючы каэфіцыент — гэта калі, да прыкладу, квадратны метр каштуе 7 мільёнаў, а банк будзе крэдытаваць пад тры мільёны за метр”, — распавядаюць у “Беларусбанку”.
Калі браць звычайны крэдыт, на кватэру коштам у 70 тысяч долараў дадуць толькі каля 55 тысяч долараў, ці 75% ад кошту жылля.
“Каб крэдытавацца на гэтую суму, вам трэба мець заробак у 30 мільёнаў. Першы плацеж — 15 мільёнаў. Сума пераплаты ў гэтым выпадку складзе 1,1 мільярда рублёў — гэта працэнты”.
Пытаюся, ці часта бяруць такія грошы беларусы, але супрацоўніца “Беларусбанка” прапаноўвае падумаць двойчы над такім крэдытам:
“Вось вы падумайце, працэнтная стаўка — амаль 30% гадавых. Вы толькі 150 мільёнаў за год заплаціце за працэнты!”
Фота: dw.de