Пацярпелых на Купаллі пад Бабром вязуць у Мінск у апёкавы цэнтр
Нагадаем, здарэнне адбылося ў ноч з 6 на 7 ліпеня, пацярпелі пяць чалавек.
Мастак Алесь Пушкін на сваім прысядзібным участку ладзіў Купалле і гатаваў на вогнішчы крупнік. Калі ён выліваў у кацёл спірт, раптоўна загарэліся яго пары. Агонь перакінуўся на некалькіх чалавек.
Двое хлопцаў атрымалі лёгкія апёкі рук і з бальніцы іх адпусцілі, а вось астатнія трапілі ў рэанімацыю і хірургію Крупскай раённай бальніцы. У 14-гадовай дзяўчынкі апёкі твара, рук, грудзей, спіны і ног 2-й ступені. У яе маці апёкі 15% цела — твару, галавы. Таксама пацярпела яшчэ адна дзяўчына, у якой тэрмічныя апёкі 25% цела.
Вось што сёння распавёў Еўрарадыё Алесь Пушкін:
"Я ў лякарні зараз, у хірургіі. І адпраўляем у Мінск у Рэспубліканскі апёкавы цэнтр Вольгу і яе дачку Ганну 14 год, і Паліну, 22 год... Я іх адпраўлю і тады ўжо пайду да следчага. Яна мяне чакае ў Крупскім РАУС".
Адзначым, што справай займаецца Следчы камітэт, які праводзіць апытанні прысутных на Купаллі ў Бабры.