Пад Брэстам зямлю вяскоўцаў аддалі пад будаўніцтва катэджаў?

Жыхары вёскі Збірагі пад Брэстам скардзяцца, што сельсавет аддае іх зямлю пад будаўніцтва катэджаў. Паводле іх слоў, пра продаж "сотак" ніхто не папярэджваў. Спачатку на тэрыторыі вяскоўцаў з'явіліся геадэзісты, а пазней пачаліся будаўнічыя працы.

"Мне перайшоў дом у спадчыну пасля смерці мужа... Прыехалі нейкія незнаёмыя — спалілі траву, забралі ўчастак, пазабівалі калкі, сказалі, што ім падаў сельскі савет (Збірагі належаць Чэрнінскаму сельсавету. — заўв. Еўрарадыё), — распавядае мясцовая жыхарка Марыя Якімук. — Гэтая зямля спакон веку значылася за маім домам. Дзед, прадзед — усе саджалі, карысталіся ёй. Ніхто не прыйшоў, не папярэдзіў, не запытаў. Прыехалі — пачалі будавацца. Якое яны маюць права забраць маю зямлю? Хай два метры — але яны мае! Увесь час падаткі выплачваліся, вось усе дакументы (паказвае стос папер. — заўв. Еўрарадыё) на хату, на зямельныя ўчасткі, на дабудаванне".

Амаль палова жыхароў Збірагаў паведамляе пра падобных "гасцей" на сваёй тэрыторыі. Новабудоўлі, якія належаць брэстаўчанам, з'явіліся летась прыкладна на 15 участках. Як кажа брэсцкі праваабаронца Фёдар Петрусевіч, вяскоўцы нават не могуць абскардзіць рашэнне сельсавету, бо яно не было зацверджана пісьмова — гаспадарам участкаў паведамлялі пра гэта на словах!

"Гэта прававое бясчынства! Павінна быць галоснасць забудовы. Калі нехта хоча штосьці пабудаваць у тваім агародзе, павінна быць грамадскае абмеркаванне, пратакол сходу, галасаванне грамадзян. Усяго гэтага не было! Адабранне зямельных участкаў без грашовай кампенсацыі — гэта ўжо рабаванне. Людзі злоўжываюць службовай пасадай, прыходзяць і забіраюць чужыя ўчасткі, размяркоўваюць іх паміж іншымі, не зважаючы на чарговасць, — гэта не слушна. Забіралі выбарачна ў тых, як я лічу, хто не змог адкупіцца. Пацярпелі збольшага тыя, у каго шматдзетныя сем'і, альбо тыя, хто застаўся без бацькоў". 

Старшыня сельсавета расказаў Еўрарадыё, што ўсе будаўнічыя працы робяцца з ведама Брэсцкага райвыканкама, зямлю пад будаўніцтва атрымалі чаргавікі, і дакладна сярод новых жыхароў вёскі няма гарадскіх чыноўнікаў. Праграма па будаўніцтве новага жылля дазволіць правесці ў вёску газ і ажывіць яе, тлумачыць Сяргей Саўчук:

 “Людзі атрымоўвалі ўчасткі згодна з чаргой. Участкі да 15 "сотак". Паверце мне — няма там ніводнага чыноўніка. Не такі там шыкоўны раён, каб былі чыноўнікі з Брэста, там нават газу няма, і калі ён будзе — ніхто не ведае. Усё гэта зроблена, каб прыцягнуць газ у вёску. Бо паводле праграмы прэзідэнта, там можна бясплатна працягнуць газ, а там 2 кіламетры трэба цягнуць”.

Чыноўнік дадае, што ўся зямля, якую аддалі пад новае будаўніцтва належыла сельсавету, у людзей нічога не забіралі. Лішнія "соткі" яны ніколі не прыватызоўвалі.

Фота: euroradio.fm

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі