Палітвязня Юрыя Рубцова асудзілі на 2 гады калоніі

Палітвязня Юрыя Рубцова асудзілі на 2 гады калоніі. Такое рашэнне прыняў суддзя Пружанскага раённага суда Мікалай Рапіха. Грамадскага актывіста прызналі вінаватым ва "ўхіленні ад адбыцця пакарання".

Прысуд быў агучаны 28 траўня.

Працэс над палітвязнем пачаўся раніцай 27 траўня. Юрый Рубцоў ужо адбывае 1,5 года "хіміі" ў спецкамендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна за абразу суддзі. Гэтым разам яго судзілі за адмову ад працы, якую яму прапаноўвалі.

У красавіку Рубцоў абвясціў галадоўку, калі яго змясцілі ў следчы ізалятар паводле новага абвінавачання. На судзе прысутныя ўбачылі, што Рубцоў вельмі схуднеў пасля гэтага.

Рубцоў кажа, што загаду працаваць ён не чуў — працу яму прапанавалі. Ад прапановы, як сказаў Рубцоў, ён мае права адмовіцца, чым і скарыстаўся. Палітвязень настойваў на тым, каб яму далі працу з сярэднім заробкам па краіне — 600долараў у эквіваленце, але яго адмова ад працы не была катэгарычнай. Тое, што Рубцоў не адмовіўся працаваць зусім, сведкі пацвердзілі.

Пракурор Зайцава запатрабавала для Рубцова 2,5 года калоніі. З улікам непагашанага тэрміну гэта складае 3 гады зняволення ва ўстанове агульнага рэжыму — максімальна магчымае пакаранне.

Абаронца Рубцова, у сваю чаргу, заявіў, што ў судзе не было даказана, што Рубцоў меў намер ўхіліцца ад працаўладкавання. Сам палітвязень у апошўнім слове паведаміў, што ад яго патрабавалі подпісу пад нібыта добраахвотнай адмовай ад працы.

Рубцоў: “Гэта — цынізм улады, якая з аднаго боку піша, што я абавязаны працаваць, а з іншага боку, што я мушу падпісаць дакумент, што я пайшоў на працу добраахвотна. Гэта несумяшчальныя рэчы! Я першы звярнуў на гэта ўвагу і менавіта за тое, што я звярнуў на гэта ўвагу, мяне цяпер садзяць”.

Нагадаем, што грамадскі актывіст з Гомеля Юрый Рубцоў увосень 2014 года быў асуджаны на 1,5 года “хіміі” па абвінавачванні ў абразе суддзі Кірыла Палулеха з Савецкага суду Мінска. Мужчыну затрымалі  міліцыянты пасля Чарнобыльскага шляху. На шэсці на Рубцове  была майка з надпісам “Лукашэнка сыходзь”. Праз два дні яго прывезлі ў суд з ізалятара на Акрэсціна голым па пояс. Абразлівае, на думку суддзі слова, прагучала ў яго адрас, калі ён пагадзіўся судзіць Рубцова ў такім выглядзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі