Памочнік прэзідэнта Руды: Што лепшае можа прапанаваць прыватнік?

Неабходнасці спяшацца з прыняццём закона “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве” няма, упэўнены Кірыл Руды. Нягледзячы на спадзяванні, што праблемы з дзяржаўнымі інвестыцыямі ўдасца вырашыць за грошы прыватнага бізнэсу.

З такой нечаканай заявай памочнік прэзідэнта выступіў падчас парламенцкіх слуханняў “Дзяржаўна-прыватнае партнёрства: міжнародны вопыт і перспектывы для Рэспублікі Беларусь”.

Па словах Рудага, вельмі сумнеўна, што пабудаваныя прыватнікамі сацыяльныя аб’екты будуць каштаваць танней за дзяржаўнае будаўніцтва. Нават у тым выпадку, калі для гэтага дзяржаве давядзецца з-за недахопу бюджэтных грошай браць крэдыты за мяжой.

Руды: “У прынцыпе, урад заўжды можа ўмоўна "бясплатна" ўзяць грошы на праект з бюджэту. Але зараз для Беларусі складаны перыяд: сфармаваліся пікі знешніх пазык, зменшыліся продажы на знешніх рынках, пагоршыўся фінансавы стан прадпрыемстваў. Уласных рэсурсаў у бюджэце для фінансавання буйных праектаў недастаткова. А павялічэнне падатковых ставак у такіх умовах можа не прывесці да супастаўляльнага росту бюджэту".

Па словах эксперта, урад можа прыцягнуць запазычаныя сродкі. Унутры краіны для Мінфіна такія пазыкі ў валюце будуць каштаваць каля 6-7%. На знешнім рынку пазыкі ў міжнародных арганізацый можна ўзяць пад 1-3%, у замежных банкаў — пад 5-8%. А для прыватніка, кажа памочнік прэзідэнта, крэдыты будуць даражэйшымі, бо ўрад больш надзейны пазычальнік.

Адзіная надзея зрабіць праект таннейшым, лічыць Руды, калі прыватнік будзе эканоміць на вытворчых затратах. Але тут узнікае рызыка, што гэта паўплывае на якасць працы.

Таму ёсць вялікія сумневы ў тым, што дзяржаўна-прыватнае партнёрства вырашыць праблемы з дзяржаўнымі інвестыцыямі. Як кажа Кірыл Руды, і без новага закона “Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве” прыватнікі могуць нармальна супрацоўнічаць з дзяржавай, карыстаючыся выключна Грамадзянскім кодэксам.

У слуханнях бяруць удзел міністр эканомікі Мікалай Снапкоў, памочнік прэзідэнта Кірыл Руды, прадстаўнік Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН Тоні Банічы, намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, беларускія і замежныя прадпрымальнікі, старшыні аблвыканкамаў, дэпутаты парламенту.

Фота — ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі