"Партызаншчына" не праз чыесьці загады, гэта "гісторыі персанальнага гераізму"

Сілавікі сцвярджаюць, што рэлейныя шафы, спаленыя на чыгунцы, — справа рук партызанаў / МУС Беларусі
Сілавікі сцвярджаюць, што рэлейныя шафы, спаленыя на чыгунцы, — справа рук партызанаў / МУС Беларусі

Лукашэнка стварыў у Беларусі плацдарм-аазіс для войскаў РФ, на якім тыя перагрупоўваюцца і папаўняюць запасы. Тут табе і лякарні, і аэрадромы, і нават на дыскатэку можна схадзіць.

Карацей, "вызваліцелі" тут атабарыліся трывала, але далёка не ўсім беларусам гэта падабаецца. Можа, ужо цяпер незадаволенасць зацягнутым візітам расіян ператвараецца ў грамадзянскую вайну — калі ўлічваць тое, з якой частатой рапартуе дзяржпрапаганда пра "дыверсіі" беларускіх партызанаў?

— Ужо ўсе сабе прыпісваюць заслугі "рэйкавай вайны", партызанскага руху. Аказваецца, і Арастовіч натхніў, і Пазняк яшчэ ў 2014 годзе пра гэта пісаў. У гэтай гісторыі заўсёды аказваецца шмат бацькаў. Хоць, як мы разумеем, на самай справе гэта гісторыі персанальнага гераізму, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё аналітык Сяргей Чалы. — Хто ў гэтым удзельнічаў? Трапляліся зусім звычайныя людзі, якія [не прытрымліваліся] элементарных правілаў маскіроўкі, канспірацыі і гэтак далей. Гэта шчырыя людзі, якія паддаліся парыву. Думаю, што і план "Перамога" тут працаваў у меншай ступені, таму што відавочна не пра гэтыя інструкцыі ішла гаворка.

— Мы, як грамадства, цяпер знаходзімся ў складаным, псіхалагічна цяжкім стане, у якім ты адчуваеш, што асабіста ты зрабіў усё, што мог, але гэтага ўсё роўна недастаткова, — тлумачыць Сяргей Чалы імкненне беларусаў да актыўных дзеянняў. — З гэтага стану выйсці могуць быць вельмі розныя. Гэта сур'ёзная эмацыйная яма, якая для беларусаў абцяжарваецца тым, што ў нас вельмі мала гісторый поспеху.

Гэтая цяжкая сітуацыя прыводзіць да таго, што мы бачым усе негатыўныя рэчы, якія пачынаюць адбывацца. Шукаем вінаватых сярод сваіх, пачынаем займацца самаедствам, раскольніцкай дзейнасцю пад выглядам заклікаў да аб'яднання. Ніхто цяпер не можа дакладна казаць, як правільна трэба дзейнічаць. Мы не ведаем, што спрацуе.

Але мы ведаем, што не можа быць такога, што ўсё акажацца бескарысным. Досвед нашых суседзяў [маецца на ўвазе працяглая барацьба з камуністычным рэжымам у Польшчы. — Еўрарадыё] паказвае, што рана ці позна ты перамагаеш, калі не апускаеш рукі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі