Пасол Украіны — пра маўчанне ўладаў Беларусі наконт падзей у Керчанскім праліве
У аўторак пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім правёў у Мінску нефармальную сустрэчу з журналістамі некалькіх СМІ, у тым ліку і Еўрарадыё. Безумоўна, у цэнтры ўвагі быў інцыдэнт у Керчанскім праліве, дзе расійскія вайскоўцы захапілі тры ўкраінскія караблі, некалькі маракоў былі параненыя. Украіна прыняла рашэнне аб увядзенні у 10 памежных з Расіяй і Прыднястроўем абласцях ваеннага становішча на 30 дзён.
Украінскі пасол называе інцыдэнт у Керчанскім праліве "паказальнай дэманстрацыяй сілы", "прамой, адкрытай агрэсіяй, не прыкрытай ні зялёнымі чалавечкамі, ні іншымі сцягамі". На пытанне аб тым, чаму ўкраінскія матросы не адкрылі агонь у адказ, Ігар Кізім выказаў здагадку, што Расія магла чакаць менавіта гэтага: "Там бы зляцелася ўся авіяцыя Краснадарскага краю, затапілі б проста гэтыя караблі".
Што тычыцца ваеннага становішча, то, паводле слоў украінскага пасла, на беларусах гэта ніяк не адаб'ецца, і яны змогуць бесперашкодна ўязджаць на тэрыторыю Украіны. "Я не бачу ніякіх праблем для беларусаў пры ўездзе ва Украіну, нягледзячы нават на тое, што ў вас з Расіяй саюзная дзяржава. Беларусы, якія запланавалі ехаць ва Украіну, могуць не перажываць", — сказаў Ігар Кізім.
Еўрарадыё пацікавілася ў пасла, ці магчымыя праблемы на беларуска-ўкраінскай мяжы з-за ўзмацнення кантролю. "Праблема не ва ўзмоцненым рэжыме, а ў тэхнічных магчымасцях прапускных пунктаў, яны пакідаюць жадаць лепшага. Не думаю, што будуць праблемы з-за гэтага", — сказаў Ігар Кізім.
Журналісты пацікавіліся ў пасла, як ён ставіцца да маўчання беларускага боку з нагоды інцыдэнту ў Керчанскім праліве. "Я не магу гэта каментаваць, — кажа Кізім. — Адразу ж пасля таго, што адбылося, я адправіў ноту ў беларускі МЗС, праінфармаваў яго аб нашай пазіцыі. Думаю, беларуская "памяркоўнасць" дапаможа выпрацаваць пазіцыю па гэтым пытанні. А наогул у дыпламатыі маўчанне — гэта таксама адказ".
Таксама пасол пракаментаваў сітуацыю з 47 расіянамі, якія ляцелі транзітам праз Мінск у Кіеў: іх не пусцілі ва Украіну. "Кожны памежнік мае права спытаць, з якой мэтай чалавек прыязджае ў краіну. Напэўна, гэтыя людзі не змаглі выразна растлумачыць, з якой мэтай яны прыляцелі. Не думаю, што гэта тычыцца ваеннага становішча", — тлумачыць пасол.