Паўтары тысячы фінскіх музыкаў патрабуюць выключыць Ізраіль з Еўрабачання
Ізраіль
Амаль паўтары тысячы дзеячаў музычнага бізнесу Фінляндыі падпісалі петыцыю, у якой патрабуюць выключыць Ізраіль з конкурсу Еўрабачання, перадае Бі-Бі-Сі.
Аўтары петыцыі вінавацяць Ізраіль у ваенных злачынствах у сектары Газа. Калі Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) не выключыць ізраільцян, падпісанты заклікаюць Фінляндскую вяшчальную кампанію Yle адклікаць свайго канкурсанта. На іх думку, Yle выяўляе падвойныя стандарты, бо яе прадстаўнікі аднымі з першых заклікалі выключыць з Еўрабачання Расію пасля яе нападу на Украіну.
Арганізатары Еўрабачання не бачаць падставаў для выключэння Ізраіля. EBU у снежні заявіў, што конкурс ладзяць вяшчальныя кампаніі, а не ўрады. Ізраільская кампанія, на думку EBU, адпавядае ўсім патрабаванням да ўдзельнікаў конкурсу.
Сёлета конкурс Еўрабачання пройдзе на пачатку траўня ў шведскім горадзе Мальмё.
Дарэчы, супраць Ізраіля выказваюцца не толькі фінскія музыкі. Сёлетні прадстаўнік Вялікабрытаніі на Еўрабачанні Олі Аляксандр таксама падтрымаў заяву, у якой Ізраіль вінавацяць у генацыдзе. Ісландская асацыяцыя кампазітараў і паэтаў-песеннікаў заклікала байкатаваць Еўрабачанне, пакуль з яго не выключаць Ізраіль.
Нагадаем, што чарговая вайна пачалася 7 кастрычніка з нападу баевікоў ХАМАС ды іншых груповак на ізраільскія гарады і кібуцы побач з сектарам Газа. У першыя ж дні імі былі забітыя каля 1200 чалаек — пераважна мірных грамадзян. Яшчэ 240 чалавек трапілі ў лік закладнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.