Першы энергаблок БелАЭС абяцалі запусціць у ліпені, а цяпер абяцаюць у жніўні
Першы энергаблок БелАЭС абяцаюць запусціць да канца жніўня. То бок, за бліжэйшыя 11 дзён. Пра гэта журналісту "Люстэрка" распавёў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Сяргей Раянтовіч:
— На дадзены момант першы блок яшчэ знаходзіцца ў рамонце. Да канца месяца павінен быць уведзены ў строй.
Першы энергаблок спынілі на рамонт 25 красавіка. Меркавалася, што будзе заменена чвэрць зборак, якія вылучаюць цяпло. У чэрвені паведамлялася, што ён будзе зноў падключаны да сеткі ў ліпені. Але чамусьці не атрымалася.
Запуск першага блока БелАЭС з уключэннем у энергасістэму краіны адбыўся ў лістападзе 2020 года, а ўвод у прамысловую эксплуатацыю — у чэрвені 2021 года. На працягу ўсяго гэтага часу і нават пасля ўводу ў эксплуатацыю энергаблок перыядычна адключалі і зноў уключалі ў сетку. Чыноўнікі ад энергетыкі гаварылі пра планавыя работы, але вядома і пра паломкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.