Прадстаўнік Украіны сказаў, ці прызнае Кіеў пашпарт Новай Беларусі

Ігар Кізім

Ігар Кізім

Украінскі амбасадар па асаблівых даручэннях па Беларусі Ігар Кізім будзе кантактаваць з усімі прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў — і з Офісам Ціханоўскай, і з палком Каліноўскага, і з Каардынацыйнай Радай. Ён не выключае нават паездку ў Варшаву для такіх сустрэчаў. Пра гэта дыпламат заявіў у эфіры Еўрарадыё.

Па словах Кізіма, як амбасадар па асаблівых даручэннях ён знаходзіцца на канчатковым этапе і разбіраецца, што адбываецца ў беларускім дэмакратычным лагеры, таму будзе кантактаваць з усімі. Як амбасадар Украіны ў Беларусі ён найбольш кантактаваў з афіцыйнымі асобамі ў Беларусі. Апазіцыянеры, з якімі ён сустракаўся тады, цяпер або сышлі з палітычнай арэны, або застаюцца ў Беларусі.

Украінскі дыпламат кажа, што прымаў удзел у палітычнай канферэнцыі, якую ладзіў полк Каліноўскага. Па яго словах, няўзгодненасць пазіцыцый у беларускім дэмакратычным лагеры замінае наладжваць кантакты. Калі б быў адзін цэнтр прыняцця рашэнняў, адна каманда — быў бы зусім узровень кантактаў, канстатуе Кізім. Цяпер жа ён бачыць тры-чатыры цэнтры, але адзначае, што ёсць памкненне да аб'яднання.

Адказваючы на пытанне пра магчымасць сустрэчы Зяленскага і Ціханоўскай, Кізім адзначыў, што прэзідэнт Украіны цяпер у першую чаргу праводзіць сустрэчы, якія могуць дапамагчы Украіне ў вайне — у ваеннай, гуманітарнай, фінансавай падтрымцы. Але ён дыпламатычна дадаў, што такая сустрэча ў прынцыпе можа адбыцца — трэба працаваць у гэтай сферы.

Пытанне з прызнаннем "пашпарта Новай Беларусі" Кізім называе складаным, бо яно залежыць не толькі ад МЗС, але і ад МУС, і ад Дэпартамента міграцыі. Дыпламат абяцае, што падчас сустрэч з прадстаўнікамі Кабінета Святланы Ціханоўскай будзе шукаць вырашэнне праблемы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі