Прадстаўнікі ЗША і Савета Еўропы пракаментавалі сітуацыю з TUT.BY

Дзверы ў агульны тамбур, выламаныя на паверсе галоўнага рэдактара TUT.BY Марыны Золатавай / Еўрарадыё
Дзверы ў агульны тамбур, выламаныя на паверсе галоўнага рэдактара TUT.BY Марыны Золатавай / Еўрарадыё

Савет Еўропы заклікае ўлады Беларусі ўстрымацца ад далейшага ціску на СМІ, заявіў афіцыйны прадстаўнік Генеральнага сакратара СЕ Даніэль Хольтген.

Паводле яго слоў, дзеянні ўладаў у дачыненні да TUT.BY і журналістаў партала, "трывожаць і ідуць насуперак фундаментальным правам на свабоду выказвання".

З заявай з нагоды сітуацыі з TUT.BY выступіла і амбасада ЗША ў Беларусі. У тэксце гаворыцца, што "Злучаныя Штаты асуджаюць неаслабны пераслед рэжымам Лукашэнкі незалежнага партала TUT.BY, яго журналістаў і супрацоўнікаў".

Амерыканскія дыпламаты мяркуюць, што галоўным "злачынствам" партала — і менавіта з гэтым звязаная атака на СМІ — з'яўляецца "аб'ектыўнае асвятленне мірных пратэстаў супраць сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і  гвалтоўных і жорсткіх дзеянняў рэжыму ў адказ".

Аўтары заявы нагадваюць пра абавязальніцтвы, якія ўзяла на сябе Беларусь, — паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды. "І Злучаныя Штаты чакаюць, што Беларусь будзе выконваць гэтыя абавязацельствы", гаворыцца ў дакуменце. У гэтай сувязі ЗША зноў заклікалі беларускія ўлады пакласці канец рэпрэсіям і прыцягнуць да адказнасці ўсіх, хто дапусціў злоўжыванне сілай.

Праблемы ў партала TUT.BY пачаліся напярэдадні. У аўторак раніцай у офіс і дадому да шэрагу супрацоўнікаў прыйшлі сілавікі. Была распачата крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў, сайт заблакаваны, частка супрацоўнікаў затрыманая, у тым ліку галоўны рэдактар Марына Золатава, гендырэктар Людміла Чэкіна, рэдактар Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі