Прадстаўніком Беларусі на "Еўрабачанні" стане Аляксей Грос! Хаця…

Прадстаўніком Беларусі на "Еўрабачанні" стане Аляксей Грос! Хаця…

22 студзеня будзе абраны чарговы прадстаўнік Беларусі на “Еўрабачанні”. Амаль штогод гэтая падзея завяршаецца скандаламі кшталту “гледачы абралі адных, а журы адпраўляе іншага”. І кожны раз для кожнага беларуса, які хоць неяк цікавіцца конкурсам, пераможца нацыянальнага фіналу абсалютна прадказальны. Інтэрнэт бурліць жартамі, з’едлівымі каментарыямі, абурэннямі, журналісты пішуць выкрываючыя артыкулы і задаюцца пытаннем “дакуль?”… Але з года на год нічога прынцыпова не змяняецца.

І вось сёлета, каб пазбегнуць непрыемных размоваў, Белтэлерадыёкампанія нарэшце вырашыла аддаць выбар прадстаўніка на водкуп гледачам. Але не цалкам, на палову. Маўляў, паглядзім, каго вы выбераце, і які вынік ён пакажа на міжнароднай сцэне. Але выбіраць звычайныя аматары конкурсу будуць з тых, каго адбяруць "прафесіяналы"! Ну тыя, ведаеце, што называюцца зоркамі беларускай эстрады і збіраюць поўныя рэстараны на карпаратыўных выступах!

Для мяне такія змены падобныя на правы пасажыраў, якія вісяць у некаторых сталічных маршрутках: “Пасажыр мае права своечасова аплачваць праезд і загадзя паведамляць пра патрэбны прыпынак”. Ці ў Дзень нараджэння сына даць яму карт-бланш: “Сёння твой дзень, рабі што хочаш! Але на каньках катацца не пойдзем, бо можаш захварэць, матчыны спадніцы ды мае пінжакі рэзаць нажніцамі нельга, ніякіх фаст-фудаў і дарагіх цацак і тэлевізар па-ранейшаму не больш за гадзіну. Затое ты можаш захацець з’есці раніцай кашкі цэлую талерку, пагуляцца са сваім канструктарам, гадзінку пакатацца з горкі ў двары, ну, і ладна, легчы спаць пазней на гадзіну”.

У выніку ў фінале мы маем 10 выканаўцаў замест абяцаных 15. Чаму? А “Каб раптам гледачы не выбралі каго-небудзь і не было потым сорамна!” — каментуе старшыня журы Аляксандр Ціхановіч. Таму што пераважная большасць жыхароў нашай краіны, нягледзячы ні на якія сацыяльна-эканамічныя змены, не губляе пачуцця гумару. Таму што пераважная большасць беларусаў, магчыма, накіравала б на міжнародны песенны конкурс зомбі-гурт “Sweet Brains. “Ну, як вы сабе ўвогуле ўяўляеце Беларусь і…” — не хавае густаўшчыны ўсё той старшыня журы. Аляксандр Рыгоравіч кіруе нацыянальным адборам на "Еўрабачанне" ад самага пачатку (12 гадоў) і самае вялікае дасягненне нашай краіны — выступ Дзімы Калдуна, які прафінансаваў і падрыхтаваў Філіп Кіркораў. Нічога не нагадвае?

Але вернемся да "Еўрабачання-2016". Вангую: сёлета ад Беларусі ў Стакгольм паляціць Аляксей Грос. Другое месца будзе ў Аляксандра Іванова, і ён стане запасным, не выпушчаным на поле гульцом.

Давайце паразважаем! Памятаеце такога дзеяча культуры, як Віктар Дробыш? Яму яшчэ Аляксандр Рыгоравіч (той, што самы галоўны) днямі ўручыў ордэн Францыска Скарыныза высокі ўзровень творчасці, значны асабісты ўнёсак у развіццё і ўмацаванне беларуска-расійскіх культурных сувязяў”. Дык вось, Аляксандр Іваноў з’яўляецца пратэжэ ардэнаносца. На гэтым акцэнтавалі ўвагу яшчэ падчас паўфінальнага адбору, і ўжо тады было зразумела, што сярэдні нумар маладога выканаўцы апынецца сярод лепшых.

А памятаеце Алёну Ланскую? Тая, што атрымала званне заслужанай артысткі Беларусі ў 26 гадоў, а дэбютны альбом выдала за год да гэтага. Дык вось, яна прадстаўніца прадзюсарскага цэнтра “Спамаш” і ажно двойчы перамагала на нацыянальным адборы. Праўда, першы раз усё выглядала вельмі нязграбна і ў скандал давялося ўмешвацца кіраўніку краіны. А вось наступным разам атрымалася больш-менш праўдападобна, хоць інтрыгі ніякай не было. Дык вось Аляксей Грос — яшчэ адзін прадстаўнік “Спамаш”.

На астатніх ўдзельнікаў фіналу нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" можна нават не губляць час. Бо на беларускай сцэне яны, лічыце, без роду без племені. Такія ўсё роўна ніколі не праходзяць, хіба толькі Litesound у 2012-ым годзе. Але гэта быў той самы выпадак асабістага ўмяшання кіраўніка краіны.

Дык хто ж больш варты, пратэжэ Віктара Дробыша ці цэнтра “Спамаш”? Для мяне адказ відавочны. Расійскі кампазітар хоць і атрымаў беларускі ордэн, але ні ў якіх ранейшых музычна-культурных скандальцах нашай краіны заўважаны не быў. А вось прадзюсарскі цэнтр “Спамаш” мае прамую сувязь з прадпрыемствам “Спамаш”, якое гандлюе тэхнікай вытворчасці "Амкодор". Дырэктар УПСпамаш” — сын уладальніка “Амкадора”, беларускага алігарха Аляксандра Шакуціна

Тут развагі можна было б спыніць і спадзявацца на тое, што я проста страціў давер да нацыянальнага адбору. Што насамрэч менавіта 2016-ты год стане пераломным і выбары прадстаўніка на "Еўрабачанне" стануць рэальнымі. Але…

Апошнім часам у тэленавінах на БТ вельмі часта на вочы трапляецца менавіта Аляксей Грос. Тут інтэрв’ю, тут каментарый, тут ролік… іх здымалі пра ўсіх фіналістаў, а мне трапляецца толькі Грос… Магчыма, супадзенне, а магчыма, і не!

А за дзень да фіналу ў дзяржаўных СМІ з’яўляецца навіна, у якой напісана: “Еўрапейскія карыстальнікі прагаласавалі за беларускіх артыстаў, якія патрапілі ў фінал нацыянальнага адборачнага тура на "Еўрабачанне-2016". Лідарамі апытання, праведзенага праектам Oikotimes, апынуліся Аляксей Грос і Аляксандр Іваноў”. Як у ваду глядзеў! Можа, паспрабаваць прадказваць кошт нафты?

Апытанне Oikotimes сапраўды праводзіла. Што праўда, па выніках не бачна, колькі чалавек рэальна галасавала, тысяча ці пятнаццаць. Да таго ж, на сайце знаёміцца з творамі ўдзельнікаў прапануюць праз відэа паўфінальных выступаў. І тут таксама цікава. Выступ Гроса праглядзела амаль 22 тысячы чалавек, Іванова — 17,5 тысяч. Але чэмпіёнам па праглядах з’яўляецца Анастасія Малашкевіч — больш за 26,5 тысяч праглядаў, на другім месцы — Navi і 22300. Яны ж набралі рэкордную колькасць “лайкаў”. Але ў рэйтынгу іх месцы чацвёртае і апошняе адпаведна. Я прызнаю, што гэта ўскосны довад, але ў шэрагу іншых для мяне ён пераканаўчы.

Падводзячы рысу, мушу прызнацца, што экстрасэнсорных здольнасцяў не маю. Кіруюся выключна досведам шматгадовага асвятлення нацыянальнага адбору на конкурс “Еўрабачанне”. Ну, і да кучы прызнаюся, што сёлета не бачу ніводнага цікавага нумару ў фінале, і ўжо дакладна, што гэта не Грос і не Іваноў. А вось наколькі спраўдзіцца мой прагноз, даведаемся ўжо сёння ноччу. Я з задавальненнем прызнаю паразу, калі пераможа Саша Захарык, Navi, Анастасія Малашкевіч, Слава Кірдун, Валерыя Садоўская, Кірыл Ермаковіч, гурты "Радиоволна", The EM ці Napoli. Спраўдзім на "Беларусь-1" у 22:00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі