Пракаповіч: Пасля дэнамінацыі кошты не вырастуць — гэта проста тэхнічны працэс
Пасля дэнамінацыі кошты не вырастуць — гэта проста тэхнічны працэс прыбірання чатырох нулёў. Затое наша валюта стане самай моцнай у рэгіёне: за два нашыя рублі можна будзе адзін долар купіць, кажа былы старшыня Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч.
Пракаповіч: "Пасля дэнамінацыі наш беларускі рубель будзе даражэйшы больш як у 32 разы, чым расійскі рубель. Вось вы прыйдзеце ў абменны пункт і атрымаеце за адзін беларускі рубель 32-35 расійскіх рублёў. А цяпер жа ўсё наадварот. Тое ж будзе з доларам і іншымі валютамі: нашы два рубля — гэта адзін долар будзе з 1 ліпеня”.
Праўда, прызнае былы кіраўнік Нацбанка, трэба пастарацца, каб гэта раптоўная моц беларускага рубля на фоне іншых валют гэтак жа раптоўна не знікла.
Пракаповіч: "Калі будзе паспяхова працаваць эканоміка, будуць выконвацца прынятыя рашэнні, то нам не пагражае рэзкі рост коштаў і чарговая дэнамінацыя праз 10-15 гадоў. Але гэта ўсё залежыць ад працы эканомікі, ад усіх нас — як мы будзем працаваць”.
А яшчэ ад банкаў — пад якія гадавыя яны будуць даваць крэдыты. Пракаповіч упэўнены: максімальная стаўка па крэдытах сёння мусіць быць не 30-40% гадавых, а 15-16%. Калі гэтага ў бліжэйшы час урад і Нацбанк не зробяць, то ніякага эканамічнага росту ў краіне не будзе. А дэнамінацыя не надоўга прыбярэ нулі з беларускай валюты.