Праваабаронцы лічаць затрыманых графітыстаў палітвязнямі
А самі затрыманні — спробай прадухіліць грамадзянскую актыўнасць моладзі.
Праваабаронцы заклікаюць спыніць крымінальны пераслед Вячаслава Касінерава, Яраслава Ульяненкава, а таксама затрыманых Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага, якіх падазраюць у злосным хуліганстве. Таксама праваабаронцы заклікаюць неадкладна вызваліць хлопцаў з-пад варты, піша сайт "Вясна".
Як паведамляла Еўрарадыё, маладых людзей затрымалі 11 жніўня за графіці "Беларусь мае быць беларускай" на будынку былой вайсковай часці, а таксама замалёўванне бігборда з выявай міліцыянтаў на вуліцы Гарэцкага ў Мінску. Ульяненкава і грамадзяніна Расіі Паўла (прозвішча невядомае) вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, астатнія знаходзяцца пад вартай. Прычым Вячаслаў Касінераў — у шпіталі, куды ён трапіў з двайным пераломам сківіцы пасля затрымання.
Ці насамрэч у Беларусі можна атрымаць “крыміналку” за графіці
Праваабаронцы з "Вясны" адзначаюць, што дзеянні хлопцаў не парушалі грамадскага парадку. Змест надпісаў сведчыць пра адсутнасць хуліганскіх матываў. Дзеянні міліцыянтаў пры затрыманні праваабаронцы лічаць неапраўдана жорсткімі.
У сувязі з гэтым праваабаронцы заяўляюць, што ёсць падставы лічыць Пякарскага і Жаромскага, якіх трымаюць пад вартай, палітычнымі вязнямі. Жорсткія дзеянні ўлады напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, на думку праваабаронцаў, накіраваныя на спыненне моладзевай грамадзянскай актыўнасці.