Правамі чалавека ў Беларусі зацікавіліся галандскія парламентарыі

Візіт праходзіў па запрашэнні Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і Нідэрландскага Хельсінскага камітэту, інфармуе БелаПАН. Сябры дэлегацыі правялі шэраг сустрэч у Міністэрстве замежных справаў і парламенце Нідэрландаў, а таксама з прадстаўнікамі міжнародных і галандскіх НДА.


 
Цэнтральным мерапрыемствам сталі парламенцкія слуханні па тэму “Беларусь: бізнес і правы чалавека” 12 верасня. Мерапрыемства транслявалася па інтэрнэце ў рэжыме анлайн.


Намеснік кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч паведаміў пра факты парушэння палітычных і грамадзянскіх правоў у Беларусі. Ён асабліва адзначыў сітуацыю з палітвязнямі і той факт, што нядаўна вызваленыя з турмы актывісты Дзмітрый Дашкевіч і Аляксандр Францкевіч былі вымушаныя адбыць свае тэрміны зняволення да канца, а тэрмін Дашкевічу працягнулі ўжо за кратамі.



Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна распавяла аб праблемах незалежных СМІ. У прыватнасці, яна сказала пра рэгулярныя затрыманні журналістаў пры выкананні імі прафесійных абавязкаў, пра абмежаванне доступу да інфармацыі.



Кіраўнік аддзелу Еўропы МЗС Нідэрландаў Дафна Берхсма заявіла пра поўную падтрымку галандскімі ўладамі грамадзянскай супольнасці Беларусі. У Нідэрландах упэўненыя, што моцная грамадзянская супольнасць — залог змянення сітуацыі ў краіне да лепшага. Прадстаўнік МЗС звярнула ўвагу на тое, што Галандыя на ўсіх міжнародных пляцоўках рэзка крытыкуе сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і спадзяецца на такі самы крытычны падыход з боку іншых еўрапейскіх краін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі