Заўтра выходзіць на волю палітвязень Павел Севярынец
Тэрмін “хіміі”, якую ён адбывае ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна, заканчваецца раніцай у суботу.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сам Павел Севярынец:
“19 кастрычніка ў мяне заканчваецца тэрмін. Калі я распытваў начальніка спецчасткі, ён сказаў, што зранку ў суботу, 19-га”.
Палітык дадаў, што не лічыць дні да вызвалення. Падчас зняволення ён імкнуўся не губляць часу.
“Для мяне кожная адсідка — гэта час духоўнага кшталтавання. Дзякуй Богу за ўсё. І за тое, што тут шмат цікавых людзей сустрэў і ўбачыў. У нататніку адных толькі пружанскіх тэлефонаў больш за 70. Лістоў 2,5 тысячы прыйшло. У “Нашу ніву” напісаў больш за 80 эсэ. Таму тут, як кажуць, дзякуй Богу”, — каментуе для Еўрарадыё Павел Севярынец.
Нагадаем, Павел Севярынец быў затрыманы 20 снежня 2010 года, пасля падзеяў на плошчы Незалежнасці ў Мінску. 16 траўня наступнага года яго прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі "за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Частку ад гэтага тэрміну Севярынец адсядзеў у следчым ізалятары КДБ.
Фота — baj.by