Прэм'ера на Еўрарадыё: Rouble Zone — "Душа Пустэча" (слухаць)
Уладальнікі вялікай Рок-кароны 1995 года прадстаўляюць першую арыгінальную песню на беларускай мове за 20 гадоў існавання гурта.
Лідар Rouble Zone Алег "Джагер" Мінакоў, які цяпер жыве ў Бельгіі, напісаў песню "Душа Пустэча" на верш журналіста "Белсату" Алеся Сіліча. Гэта сумны блюз пра няспраўджаныя мары. Слухаем разам!
Гурт Rouble Zone сабраны ў Мінску Алегам "Джагерам" Мінаковым пасля распаду гурта Inspector у 1993 годзе. Музыкі робяць стаўку на блюз-рок і англамоўныя тэксты. Гурт хутка набывае папулярнасць. На "Рок-каранацыі 1995" Rouble Zone становіцца гуртом года.
У 1996 годзе RZ выдае свой адзіны альбом "Put Your Money... Now!". Ён складаецца з 10 англамоўных кампазіцый. Афармленнем альбома займаліся Уладзімір Цэслер і Сяргей Войчанка.
Неўзабаве Roublе Zone спынілі існаванне. Музыкі раз'ехаліся па розных краінах.
У 2011 годзе ўдзельнікі каманды здзейснілі камбэк у класічным складзе. А ў канцы траўня 2013 года Roublе Zone прэзентавалі першую песню пасля 16 гадоў маўчання — трэк "I Don't Wanna Cry".