Roublе Zone прэзентавалі першую песню пасля 16 гадоў маўчання (слухаць)

Культавы ў 1990-х гадах беларускі гурт Roublе Zone выклаў у інтэрнэт новую песню пасля 16 гадоў маўчання. Трэк "I Don't Wanna Cry" — першая ластаўка з новага альбома, які будзе называцца "Coffee & Cigarettes".


“Гэтую песню я запісваў у адной з самых лепшых студый Бельгіі ICP Recording Studios, ― піша на сваёй старонцы ў Facebook лідар гурта Алег “Джагер” Мінакоў. ― Акампаніравалі мне бельгійскі гурт Clouseau, а на бэк вакале спявалі дзве шыкоўныя цёмнаскурыя вакалісткі з Галандыі, якія працуюць бэк-вакалісткамі на ўсіх еўрапейскіх канцэртах Джо Кокера”.


У бліжэйшы час на песню "I Don't Wanna Cry" ў Мінску пачнуцца здымкі кліпа. Цяпер праходзіць кастынг на ролю галоўнай гераіні, якая будзе “з лёгкасцю разбіваць маладыя, недасведчаныя сэрцы”, ― працягвае Джагер.


Нагадаем, гурт Roublе Zone з’явіўся ў 1994 годзе і меў сур’ёзны поспех на беларускай рок-сцэне. Калектыў паспеў выдаць толькі адзін альбом “Put Your Money... Now!”, які дагэтуль часта гучыць на ўсіх беларускіх радыёстанцыях. У 1996 годзе RZ спынілі існаванне з-за эміграцыі Алега Мінакова ў Бельгію, дзе ён і жыве да гэтага часу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі