Прэс-сакратар АГП, якую дэпартуюць, звярнулася ў расійскую амбасаду

Прэс-сакратар АГП, якую дэпартуюць, звярнулася ў расійскую амбасаду

Прэс-сакратар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна, якую на год дэпартуюць з Беларусі, звярнулася ў амбасаду Расіі. Яна адправіла туды заказным лістом заяву пра "парушэнне правоў грамадзян Расійскай Федэрацыі", піша tut.by.

Як распавядала Еўрарадыё, беларускія ўлады дэпартуюць жанчыну на год — да 30 лістапада яна абавязаная пакінуць краіну. Красуліна — расійская грамадзянка, жыве ў Беларусі з 2002 года, мае від на жыхарства. Нагодай для высылкі сталі адміністрацыйныя правапарушэнні: два ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях і адзін праезд без квітка ў аўтобусе. Хаця ўсе штрафы актывістка аплаціла, рашэнне пра высылку было абгрунтаванае "інтарэсамі грамадскай бяспекі".

У сваёй заяве ў амбасаду Красуліна адзначае, што пастаянна жыве ў Беларусі з мужам, сынам і дачкой. Яе бацькі, непрацаздольныя пенсіянеры, таксама маюць грамадзянства Расіі, але з 2006 года жывуць у Беларусі.

Сваю дэпартацыю актывістка лічыць неабгрунтаванай і неапраўдана суровай мерай. На яе думку, у законе "Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь" падставы для высылкі замежніка сфармуляваныя дастаткова няпэўна і даюць "шырокія магчымасці для тлумачэння органам, якія прымаюць рашэнне". Таксама яна спасылаецца на падпісаныя паміж Беларуссю і Расіяй пагадненні аб пабудове Саюзнай дзяржавы, дзе абвяшчаецца роўнасць правоў грамадзян, у тым ліку на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства.

Красуліна падкрэслівае, што ні яна сама, ні яе бацькі не маюць нерухомасці і жылля ў Расіі. "Я з'яўляюся інвалідам III групы, у цяперашні час сталай працы не маю. Высылка мяне з Беларусі азначае, што мяне разлучаюць з маёй сям'ёй — мужам і дзецьмі, і, па сутнасці, ставяць у небяспечнае для здароўя і жыцця становішча пры адсутнасці дастатковых сродкаў да існавання па-за пастаянным месцам жыхарства. Мае бацькі, грамадзяне Расійскай Федэрацыі, жывуць у Беларусі з 2006 года, і вось цяпер, калі яны ва ўзросце і маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, яны застануцца на цэлы год без маёй дапамогі. Як грамадзянка Расійскай Федэрацыі інфармую Вас аб парушэнні маіх правоў і інтарэсаў, а таксама інтарэсаў маіх бацькоў", — напісала Красуліна ў амбасаду.

У абарону Красулінай ужо выказаліся беларускія і еўрапейскія палітыкі. Напярэдадні Красуліну прыняла амбасадар Вялікабрытаніі, якая паабяцала праінфармаваць свой урад пра яе дэпартацыю. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі