Работнікам мінскага завода не плацяць заробак тры месяцы

Работнікам мінскага завода не плацяць заробак тры месяцы

Работнікам Мінскага завода аўтаматычных ліній імя Машэрава (МЗАЛ) не плацілі заробкі з чэрвеня, піша tut.by.

Адзін з супрацоўнікаў паведаміў журналістам, што ў чэрвені ўсім перавялі па 300 рублёў і з таго часу не было ні капейкі. "Дырэктар перыядычна збірае ўсіх, просіць пачакаць. Усе спадзяюцца, што хутка атрымаюць грошы, а потым зноў нічога не даюць", — распавёў мужчына.

Па яго словах, у цэхах перыядычна адключаюць электрычнасць, і тады праца спыняецца. Да таго ж у памяшканнях вельмі холадна, бо няма ацяплення. Каб ліквідаваць непаладку ў сістэме ацяплення, патрэбныя грошы, а іх няма, бо няма замоваў.

Па словах работніка, некаторыя пазвальняліся з прычыны адсутнасці грошай, а некаторыя нават бяруць крэдыты.

Аднак 26 кастрычніка работнікам выплацілі частку грошай.

Намеснік дырэктара МЗАЛ Ягор Жураў затрымкі па заробках патлумачыў цяжкім фінансавым становішчам прадпрыемства. Па яго словах, цалкам разлічыцца з запазычанасцямі па заробках адміністрацыя плануе да 20 лiстапада.

Ён дадаў, што цяпер цэхі і вытворчасць працуюць у двухзменным рэжыме пяць дзён на тыдзень. Прадпрыемства мае замовы на некалькі бліжэйшых гадоў. "У прыватнасці, у кастрычніку падпісаныя два кантракты з ААТ "МТЗ" на пастаўку абсталявання коштам 42 мільёны еўра і 4,9 мільёна долараў", — рапартуе Жураў.

Дарэчы, па стане на 1 лістапада па краіне 38 арганізацыяў лічацца даўжнікамі па заробках. Найбольшая іх колькасць — у Мінску (12). 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі