Расія зняла забарону на пастаўкі прадукцыі 12 беларускіх прадпрыемстваў
Рашэнні ў адносінах яшчэ 6 будуць прынятыя пазней па выніках аналізу матэрыялаў праверак.
Рассельгаснагляд зняў забарону на пастаўкі мясной і малочнай прадукцыі з 12 прадпрыемстваў Беларусі з 18, якія былі правераны падчас сумесных інспекцый. У Маскве ў чацвер сустракаліся намеснік кіраўніка згаданага расійскага ведамства Мікалай Уласаў і галоўны дзяржветінспектар Беларусі Васіль Півавар. Па выніках сустрэчы і з'явілася інфармацыя пра сітуацыю з "чорным спісам" беларускіх прадпрыемстваў.
Рашэнні ў дачыненні да яшчэ 6 прадпрыемстваў будуць прынятыя расійскім бокам пасля дэталёвага аналізу матэрыялаў праверкі, паведамляе "Інтэрфакс".
Рассельгаснагляд разлічвае, што беларускі бок пачне сертыфікацыю прадукцыі 12 прадпрыемстваў, прызначанай для паставак у Расію, толькі пасля ліквідацыі ўсіх выяўленых парушэнняў. Расійскі бок не выключае, што сітуацыя з выяўленнем небяспечных мікраарганізмаў і антыбіётыкаў можа паўтарыцца і заклікае беларускіх калег да рэальнага, а не фармальнага кантролю.
Нагадаем, восенню Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі харчовай прадукцыі з больш чым 20 беларускіх прадпрыемстваў. Прычынай назвалі выяўленую неадпаведнасць таварных партый харчовай прадукцыі нормам і патрабаванням, прадугледжаных заканадаўствам Расіі і Мытнага саюза.
Фота — ria.ru