"Расійская прапаганда прычэпіцца да чаго заўгодна": ці раззлуе "Купала" Маскву?

Фота са здымак "Купалы" / sb.by 
Фота са здымак "Купалы" / sb.by 

Флагманскі праект "Беларусьфільма" — "Купала" — яшчэ да свайго выхаду аброс скандаламі. Адзін з іх як раз такі звязаны з пастаянным пераносам карціны. Прэм'ера фільма павінна была адбыцца яшчэ ў снежні 2019-га, аднак да гэтага часу яго паглядзелі толькі абраныя. У гэтым спісе апынуўся і кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі. Журналісту пашанцавала ўдвая: ён не толькі паглядзеў "Купалу" раней за многіх, але і зрабіў гэта ў кампаніі з яго рэжысёрам — Уладзімірам Янкоўскім.

Тарас Тарналіцкі расказаў пра свае ўражанні ад фільма, а таксама папрасіў рэжысёра пракаментаваць некаторыя чуткі.

У прыватнасці, стаў вядомы бюджэт карціны — 1,5 мільёна долараў, а таксама той факт, што фільм паспеў ацаніць і Аляксандр Лукашэнка, і чыноўнікі. І ўсе яны адгукаюцца пра фільм пра паэта Янку Купалу добра!

“Российская пропаганда прицепится к чему угодно”: разозлит ли “Купала” Москву?

Еўрарадыё ўважліва прачытала артыкул Тарналіцкага і вырашыла задаць яшчэ некалькі пытанняў, якія датычацца фільма "Купала", які атрымаў статус "нацыянальнага кіно" і зняты на кінастудыі "Беларусьфільм".

Еўрарадыё: З твайго тэксту вынікае, што да Янкоўскага праект прапаноўваўся чатыром рэжысёрам, але ўсе яны адмовіліся. Хто яны?

Тарас Тарналіцкі: Як казаў сам Янкоўскі, я ведаю іх імёны, але пералічваць не буду, таму што не так важна, хто гэта быў. Пры дзяржзаказе наняць рэжысёра — гэта нармальная працэдура. Калі ты разумееш, як уладкавана кінаіндустрыя Беларусі, то гэтая інфармацыя не выклікае нейкага вау-эфекту".

Еўрарадыё: Але чаму яны адмовіліся?

Тарас Тарналіцкі: Янкоўскі не ўдаваўся ў падрабязнасці. Але, як мне здаецца, хтосьці пабаяўся праекта, таму што ён вельмі складаны. Вельмі вялікая адказнасць, таму, магчыма, не ўсе захацелі браць яе на сябе. Таксама, магчыма, для многіх аўтараў гэта проста не той праект, які б яны хацелі здымаць, фільм пра Купалу ім быў не цікавы.

Еўрарадыё: Перанос прэм'еры, якая павінна была адбыцца ў снежні, многiя звязваюць з перамовамі па паглыбленай інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй, якія тады праходзілі. У фільме ёсць нешта такое, што можа раззлаваць афіцыйную Маскву?

Тарас Тарналіцкі: Гледзячы хто і як напіша. Расійская прапаганда прычэпіцца да чаго заўгодна. А "Купала" — у нейкім сэнсе гэта посткаланіяльнае кіно. З кантэксту фільма можна прачытаць тое, што Беларусь была калоніяй спачатку Расійскай Імперыі, а потым савецкай імперыі: каланіяльная залежнасць для нас у культурным плане нічога добрага не несла. Героямі карціны прагаворваецца ідэя пра тое, што "мы пад прыгнётам".

Еўрарадыё: Наколькі фільм фестывальны? Ці зразумее яго замежны глядач?

Тарас Тарналіцкі: У цэлым гісторыя ўніверсальная, але кантэкст усё-ткі наш. Там вельмі шмат гістарычных момантаў, паколькі фільм біяграфічны — пра ўсе этапы жыцця Купалы. Там трэба быць у кантэксце. Без яго могуць узнікнуць праблемы з разуменнем. Там ёсць нейкія намёкі на аўтарскую рэфлексію, але для мяне гэта ўсё ж такі добрае глядацкае кіно.

Еўрарадыё: Ты абяцаў апублікаваць сваю рэцэнзію крыху пазней. Аднак цяпер можаш агучыць свае ўражанні — спадабалася кіно ці не?

Тарас Тарналіцкі: Я магу сказаць, што мне кіно спадабалася. Зыходзячы з таго, што да гэтага здымаў "Беларусьфільм" за апошнія гадоў 10, — гэта дакладна найлепшы фільм за гэты час. Апошняе, што мне спадабалася, гэта "Масакра" [2010. — Еўрарадыё] Кудзіненкі. Там таксама былі пытанні да пастаноўкі, але ў цэлым фільм быў эстэтычна цэльным. Было відаць, што аўтар хацеў гэта зрабіць не "на адвалі". З "Купалам" гісторыя дакладна такая ж — чалавек проста хацеў зрабіць добрае кіно.

Па словах Тарналіцкага, прэм'ера для СМІ, магчыма, пройдзе ўжо ў сакавіку гэтага года. Аднак у агульным пракаце "Купала" з'явіцца ў лістападзе 2020-га. Пасля гэтага пройдзе паказ тэлевізійнай версіі, якая будзе складацца з некалькіх серый.

  

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі