Экс-міліцыянт: Міліцыю можна скарачаць на 25%, але дзяржава гэта не зробіць
Такое меркаванне выказаў маёр міліцыі ў адстаўцы Сяргей Парсюкевіч.
Нагадаем, што 15 лістапада Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па рэфармаванні Міністэрства ўнутраных справаў. Сярод іншага прагучала прапанова зняць лішнія абавязкі з участковых.
Экс-міліцыянт Парсюкевіч таксама лічыць, што рэфармаванне міліцыі справа неабходная:
Сяргей Парсюкевіч: "Я думаю, што трэба зменшыць дакументаабарачэнне. І гэта не толькі ў участковых — гэта паўсюль трэба зрабіць, адназначна. Таму што на сённяшні дзень людзі не займаюцца раскрыццём злачынстваў альбо рэальнай абаронай грамадзян, а пішуць паперкі, якія тонамі складуюцца ў архівах... Тое, што міліцыю можна небалюча скараціць адсоткаў на 25, — гэта дакладна".
Парсюкевіч лічыць, што для рэформаў у міліцыі трэба тэхнічнае перааснашчэнне. Відэакамеры дапамогуць лепш кантраляваць бяспеку на дарогах, чым даішнікі. Калі патрульна-паставую службу пасадзіць на аўтамабілі, гэта дазволіць скараціць колькасць міліцыянтаў і з часам эканамічна апраўдае сябе. Але на гэтыя меры, лічыць Парсюкевіч, дзяржава не пойдзе, бо не захоча скарачаць колькасць міліцыянтаў.
Фота Сяргея Парсюкевіча — svaboda.org