Гіпермаркеты аплачваюць кветкавы падатак?
Клумбы з цюльпанамі цешаць вока Мінгарвыканкама, але плацяць за іх буцікі ў “Падземным горадзе”.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, колькі каштуе мегаклумба перад сталічнай мэрыяй, і нечакана аказалася, што расаду для кветак горада купляюць… гіпермаркеты!
“Мы гэтае пытанне падымаем сярод нашых вялікіх гіпермаркетаў — ProStore і г.д.”, — распавядае Еўрарадыё начальнік аддзела гарадской гаспадаркі адміністрацыі Завадскога раёна Леанід Балаболаў.
Цікава, што кветкі, набытыя за грошы гіпермаркетаў, высаджваюць нават не побач з самімі гіпермаркетамі.
"Не абавязкова каля іх — на адкосах, напрыклад, па праспекце Партызанскім, на "Магілёўцы", — працягвае чыноўнік. Атрымліваецца — своеасаблівы кветкавы падатак!
Каля Мінгарвыканкаму расце шмат прыгожых цюльпанаў.
Як даведалася Еўрарадыё, гэта тэрыторыя належыць да гарадскіх клумбаў. Таму, тэарэтычна, усе працы і выдаткі павінен несці горад, у прыватнасці “Зеленбуд”. Але там нават не ведаюць, што гэта за кветкі.
“Мінскзеленбуд”: “Я пыталася, але мне ніхто не можа сказаць, які там від цюльпанаў. Я пыталася, але мне не адказваюць, кажуць, што не памятаюць, што яны там саджалі”.
Затое як нечакана даведалася Еўрарадыё, расаду дапамагаюць купляць крамы ў “Падземным горадзе”. Пра гэта кажа начальнік аддзела гарадской гаспадаркі адміністрацыі Завадскога раёна Леанід Балаболаў:
“Частку фінансуе "Падземны горад", дапамагае па закупцы расады і г.д. У нас у Завадскім раёне таксама ёсць шэраг прадпрыемстваў, якія дапамагаюць у пакупцы кветкавай расады, а нашыя службы ўжо высаджваюць яе на гарадскіх тэрыторыях”.
Падазрона, што ў гандлёвым цэнтры "Сталіца" пра такую практыку нічога не ведаюць.
“Не-не-не, гэта не мы, азеляненнем мы не займаемся”, — адмаўляюць у адміністрацыі гандлёвага цэнтра. Што не маюць да гэтага ніякага дачынення, запэўніваюць і ў гіпермаркеце ProStore!
ProStore: “Такога віда дзейнасці ў нас няма. Што значыць — дапамагаюць закупляць? Мы проста завозім сабе як тавар — кветкі ў гаршчках, людзі высаджваюць на дачу. Але гэта ў нас проста як асартымент, як адна з групаў тавараў. Ніяк не для ўпрыгожвання горада”.
А вось расаду для ўпрыгожвання сваёй тэрыторыі супрацоўнікі гіпермаркету везлі… з уласных лецішчаў! Таму атрымалася нядорага.
ProStore: “Сёння расада ў горадзе вельмі дарагая, таму мы закупляем у Шчамысліцы, дзесьці 350 адзінак расады высадзілі — штосьці з лецішчаў прывезлі. Усё праз сябе, колькі змаглі, столькі купілі. У нас такія клумбачкі… як такія кветачніцы, у якія мы высадзілі расаду. Крыху на вуліцы пасадзілі на дарожку, каб не тапталі. У Шчамысліцы расада танней, чым у Мінску. Таму мы ў 1,5 мільёны ўклаліся”.
Увогуле, на кожным прадпрыемстве ўваход павінен быць упрыгожаны кветкамі. На прафесійным слэнгу гэта гучыць “аформіць уваходную групу”, — тлумачыць Леанід Балаболаў… А калі вашая фірма на цэнтральнай вуліцы, дык да кветачніцы трэба яшчэ дакупіць вертыкальнае кашпо.