Ля Камароўкі “някляеўцы” палохалі мінакоў залатымі яйкамі (Фота)

Сапраўдны парад пікетаў прайшоў у апошні дзень агітацыі на пляцоўцы ля Камароўскага рынка. Танцы ад БРСМ з аднаго боку пляцоўкі і ад “Белай Русі” — з другога стварылі такую какафонію, што мінакі не толькі не чулі, што ім спрабавалі давесці пікетчыкі ад “Гавары праўду!”, але і паміж сабой ледзьве маглі перамаўляцца.


Пакуль усе — як зарэгістраваныя, так і не — кандыдаты ад “Гавары праўду!” пад пільнай увагай “цывільнага” відэааператара “добраўпарадкавалі” сваю частку пляцоўкі сцягамі, плакатамі ды іншымі агіматэрыяламі, шоў для журналістаў ладзілі два чалавекі. Нахабны Міхась Пашкевіч з “ГП” узяўся праз мегафон падбухторваць удзельнікаў музычных пікетаў танчыць так, каб зайздросна стала “ўсёй пятай калоне”. І — у скокі кінуўся вядомы ўсёй краіне па здымках, што “парвалі” інтэрнэт, нецвярозы элемент. Чым парадаваў не толькі фатографаў, але і наведвальнікаў Камароўкі.


Планавалася, што сёння ў “Гавары праўду!” будзе выніковы пікет. Таму ў сталіцу з усёй краіны прыехалі ўсе вылучэнцы. У перапынках паміж песнямі лідар кампаніі Уладзімір Някляеў раскрыў карэспандэнту Еўрарадыё некалькі важных сакрэтаў. Найперш, чаму адны сябры “Гавары праўду!” удзельнічалі ў выбарах да канца, а тая ж “Zмена” іх байкатавала. Апынулася, што такім чынам яны адпрацоўвалі дзве тактыкі сваіх паводзінаў на... будучых прэзідэнцкіх выбарах!


Уладзімір Някляеў: “Калі ў іх удзельнічае Лукашэнка — а ніякіх пакуль што прадумоў для таго, каб ён не ўдзельнічаў, хоць яго ўжо адпраўляюць у Еўразійскі звяз, нямашака, то тады найбольш верагоднай тактыкай апазіцыі павінен быць байкот. Таму што справіцца з сілавымі структурамі, якія будуць абіраць Лукашэнку, наўрад ці апазіцыя здолее. Калі ж нейкім неверагодным дзівам, калі ён, як біблейскі габрэй, пад плакатам “За справядлівыя выбары без Лукашэнкі” рушыць у пустэчу і павядзе за сабой ды будзе там вадзіць за сабой сваю адміністрацыю, тады магчыма ўявіць, што выбары пройдуць без яго і з удзелам усіх зацікаўленых апазіцыйных сіл і асоб”.



І другі сакрэт: падчас выбараў “Гавары праўду!” гадавала са сваіх актывістаў рэгіянальных лідараў. Усё для тых жа прэзідэнцкіх выбараў. Ці выгадавала?


“Канешне — так! — радасна ўпэўнівае кандыдат у дэпутаты з Магілёва Аксана Закрэўская. — Мне тэлефануюць людзі са словамі падтрымкі, што яны гатовыя за мяне галасаваць. Тэлефануюць маладыя сем’і і кажуць, што яны бачаць толькі ўва мне падтрымку. Гэта такі пазітыў — гэты апошні тыдзень! Што зараджае мяне энергіяй і я разумею, што я гатовая і павінна для гэтых людзей працаваць і бараніць іх інтарэсы — я проста не магу зараз па-іншаму паступіць!”



І гэтак жа радасна падзялілася ўпэўненасцю, што на яе акрузе пераможа праўладны кандыдат. Яна ж з 24 верасня пачынае працу ў сваёй акрузе як альтэрнатыўны кандыдат. Маўляў, ёй так нават лепш. А то ж — наперадзе выбары прэзідэнцкія!


Не менш аптымізму падчас чакання будучых выбараў і ў кандыдата з Хоцімска Валерыя Каранкевіча.


Валеры Каранкевіч: “Я прайшоў усе кампаніі: ад сельскага савета і вось да парламенцкай дабраўся. Думаю, што прыму ўдзел і ў прэзідэнцкіх выбарах”.


Еўрарадыё: У якасці кандыдата?


Валеры Каранкевіч: “А хто не хлусіць?! Прэзідэнт наш таксама прабіўся з нізоў са сваімі чамаданчыкамі — у мяне такая ж самая тактыка!”



Ля плакатаў сталічнага кандыдата ў дэпутаты Таццяны Караткевіч карэспандэнта Еўрарадыё перахапіў незнаёмы мужчына і пачаў цікавіцца: чаму і яна тут прысутнічае, калі яе нават не зарэгістравалі кандыдатам? Але ж яна столькі сустрэч з выбаршчыкамі ў якасці кандыдата правяла, па радыё ды тэлебачанні выступала! Няўжо зробленага мала? Ці зроблена насамрэч недастаткова?


Таццяна Караткевіч: “Я не магу зараз сказаць, ці да ўсіх мы давялі інфармацыю пра тое, што ёсць грамадская ініцыятыва “Гавары праўду!” — “Грамадзянская дамова”. Але ж мы пакідаем свае нумары і сёння кажам, што мы не кідаем — тэлефануйце, звяртайцеся, сачыце за намі. Сёння складана сказаць, на колькі адсоткаў мы спрацавалі. Але я задаволеныя тым, што я зрабіла”.



Былога міліцыянта Сяргея Парсюкевіча выбарчая камісія не зарэгістравала. Хоць ён сцвярджае, што шчыра сабраў удвая большую колькасць подпісаў, чым неабходна для рэгістрацыі кандыдатам. Аб патрачаным часе не шкадуе.


Сяргей Парсюкевіч: “Этап збору подпісаў даў вельмі шмат інфармацыі аб праблемах у горадзе. Часта гэта праблемы, якія рэальна тычыцца вялікай колькасці людзей. І ўлада іх не вырашае. Мы прымушаем уладу гэтыя праблемы вырашаць”.



Адцягнуць увагу мінакоў ад танцаў паспрабаваў Ігар Драко. Паставіў перад сабой кошыкі гародніны ды яйкаў, пафарбаваных у срэбны і залаты колер. І даводзіў, што хутка ўсе тавары на Камароўцы будуць срэбныя ды залатыя па кошце. Людзі спалохана шарахаліся ад такога Настрадамуса.

Некалькі хлопцаў хадзілі сярод людзей са скрынямі “для галасавання” і прапаноўвалі ўсім жадаючым выканаць свой грамадзянскі абавязак сёння, каб не губляць час заўтра. Бюлетэнь для галасавання прыкладаўся.

Спявак Зміцер Вайцюшкевіч не здолеў адмовіцца.


Зміцер Вайцюшкевіч: “Незалежна ад таго, як прагаласуюць людзі, намалююць, што трэба. Усе гэта ведаюць, і тыя, хто на гэты рынак прыходзіць. Таму — цікава тут зараз, песні спяваюць. Трэба радавацца жыццю”.



І скарыстаўшыся тым, што, не вытрымаўшы здзекаў Пашкевіча ды суседства падпітага танцора дыска, БРСМ і “Белая Русь” звярнулі свае дыскатэкі, Зміцер сам выканаў некалькі песень. А Уладзімір Някляеў прапанаваў усім жадаючым даслаць віншаванні палітзняволеным Алесю Бяляцкаму і Ігару Аліневічу, у якіх гэтымі днямі — дні народзінаў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі