На першатравеньскі мітынг на Бангалор прыйшло 30 чалавек
Санкцыянаваную маёўку ладзілі нацыянал-бальшавікі і камуністы. Шэсце ад Акадэміі навук левым сёлета не дазволілі.
Прадстаўнікі аргкамітэту па стварэнні Нацыянал-бальшавісцкай партыі ў Беларусі і рэспубліканскага аб’яднання “За Саюз і камуністычную партыю Саюза” прынялі па выніках мітынгу рэзалюцыю. Згодна з гэтай рэзалюцыяй, усе патрыятычныя сілы Рэспублікі Беларусь павінны з’яднацца супраць націску ЗША, ваенна-палітычных эліт глабальнага капіталу ў асобе кіраўнікоў ЗША, Еўрасаюза і расійскіх алігархаў.
Апроч таго, левыя заявілі пра салідарнасць з народамі, вымушанымі брацца за зброю, каб адстаюць сваю незалежнасць і спыніць эканамічную экспансію. Таксама ўдзельнікі мітынгу “настойліва рэкамендавалі” ўладам і грамадскасці Беларусі ўнесці змены ў Канстытуцыю і Выбарчы кодэкс. Такія змены дазволяць дасылаць у Нацыянальны сход і мясцовыя саветы найперш рабочых, сялян, прадстаўнікоў працоўнай, навукова-тэхнічнай і творчай інтэлігенцыі, перадае БелаПАН.