ПАСЕ абмяркуе сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі
Восеньская сесія Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) адкрываецца сёння ў Страсбургу.
Беларуская тэма стане ключавой на сесіі, паведамляе ІТАР-ТАСС. Камісія па палітычных пытаннях вывучыць сітуацыю з захаваннем правоў чалавека і свабодай СМІ ў Беларусі. Магчыма, на сустрэчы абмяркуюць і наданне нашай краіне статусу спецыяльна запрошанага госця. Нагадаем, што ў другой палове 1990-х гадоў афіцыйны Мінск быў пазбаўлены гэтага статусу.
Чакаецца, што на паседжанні з удзелам прадстаўнікоў беларускай апазіцыі выступіць новы дакладчык па Беларусі, эстонскі дэпутат Андрэс Херкель.