Што за студэнты ходзяць на палітычныя суды?
Маладыя людзі прадстаўляюцца студэнтамі юрфаку, а на самім факультэце кажуць, што іх навучэнцаў там не можа быць.
Еўрарадыё паведамляла пра студэнтаў, якія звычайна займаюць апошнія шэрагі на працэсах па 19 снежня. У размове з карэспандэнтам маладыя людзі ў судзе Фрунзенскага раёна сцвярджалі што з'яўляюцца навучэнцамі БДУ.
"Мы з юрфака. Нам тут залічваюць практыку. У судах мы праходзім дадатковую практыку. Мы навучаемся па спецыяльнасці “Судова-пракурорска-следчая дзейнасць” у межах дадатковай практыкі тут. Пары ў нас ёсць, але нас вызваляюць, мы тут замест заняткаў", — распавёў адзін з хлопцаў карэспандэнту Еўрарадыё.
Амаль тое самае распавялі ў гэты ж дзень хлопцы ў судзе Ленінскага раёна.
— Вы студэнты?
— Так.
— А з якога ўнівера?
— БДУ.
— А факультэт?
— Юрыдычны.
— Гэта ў вас накшталт практыкі?
— Ціпа азнаямлення, практыка будзе на 4 курсе.
У дэканаце юрфаку вельмі здзівіліся гэтаму і сказалі, што такое немагчыма, бо іх студэнты цяпер практыку не праходзяць. А студэнты ў Фрунзенскім судзе, яшчэ казалі, што іх вызвалілі ад пар.
"Вызвалілі ад пар? І без выкладчыка? Не можа такога быць! Можа быць, каб выкладчык павёў іх у суд замест пар сваіх на паседжанне. Але таксама спрэчнае пытанне. Не можа такога быць, адназначна не нашы студэнты. Нашы ўсе на занятках у аўдыторыях. Яны праходзяць практыку, але гэта пасля 3 курса і ў ліпені".
Карэспандэнт Еўрарадыё на наступны дзень зноў паехаў у суд, каб запытаць у маладых людзей, з якога ж яны ўніверсітэта. У гэты дзень на паседжанні зноў былі маладыя людзі, але ўжо іншыя — хлопцы з кароткай стрыжкай.
На пытанне адкуль вы? Адказ аналагічны — БДУ юрфак. Чаму на юрфаку кажуць, што іх тут не павінна быць, хлопцы не патлумачылі.
— Дык а замест якіх заняткаў вы тут?
— Замест фізкультуры. Крымінальны працэс, што тут не зразумелага?
— Дык вы дакладна з юрфака?
— А адкуль, з Энвілы шолі?
Студэнцкіх з сабой не было, але хлопцы сцвярджаюць, што з першага курса.
"Першы курс, юныя. Спасцігаем юрыспрудэнцыю".
Скарыстаўшыся парадамі на юрфаку, з пытаннем адкуль група студэнтаў, звяртаемся да сакратара суда. Па яго словах, у судзе праходзяць практыку студэнты аж з 4 універсітэтаў Мінска, але якіх дакладна ён сказаць адмовіўся.
"Я не ў праве даваць такую інфармацыю. У нас з 3 або 4 ВНУ практыканты. У гэты час у судовым пасяджэнні прысутнічалі студэнты 2-3, а можа быць усіх 4 ВНУ".
Калі на юрфаку сцвярджаюць, што іх студэнтаў там не можа быць, застаецца не зразумелым, чаму маладыя людзі кажуць, што яны з юрфака БДУ.
Фота: svaboda.org