Статыстыка “разгону” Плошчы (інфаграфіка)
Да мінулай гадавіны выбараў праваабаронцы з Lawtrend выдалі кнігу “Пасляслоўе… Плошча 2010 вачамі беларускіх праваабаронцаў”.
Праваабаронцы апыталі каля 350 чалавек з тых 780, якіх паводле ўсіх падлікаў судзілі “за Плошчу”, хоць паводле стандартаў выбарка павінна складаць 20%. Згодна з даследаваннем, 30 апытаных не згадвалі аб прымяненні ці не прымяненні фізічнага гвалту ў дачыненні да іх. 51 чалавек паведаміў, што ўжывання сілы не было. А вось большасць — 215 чалавек — заявілі, што гвалт быў ужыты ў дачыненні альбо да іх, альбо да іншых людзей.
Атрымалі на Плошчы ўсе, жанчыны і дзяўчаты, у тым ліку. З 49-ці жанчын, якія ўдзельнічалі ў апытанні, толькі 15 заявілі, што ў дачыненні да іх не ўжывалася фізічная сіла. 31 жанчына заўважыла, што ў дачыненні да яе прадстаўнікі ўлады ўжывалі грубую фізічную сілу, збівалі нагамі, дубінкамі і шчытамі, цягнулі за валасы.
Апытаныя праваабаронцамі людзі па-рознаму ідэнтыфікавалі супрацоўнікаў праваахоўных органаў. 99 чалавек паведамілі, што іх затрымлівалі работнікі АМАПа, 58 бачылі супрацоўнікаў спецназа, 27 заявілі, што іх затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі. Адзін чалавек мяркуе, што яго затрымлівалі людзі з падраздзялення “Беркут”.
Па-рознаму складваліся лёсы тых, каго з Плошчы прывезлі на Акрэсціна і ў іншыя месцы. 63 чалавекі расказалі, што ў аддзелах ўнутраных спраў людзей паставілі ў калідоры тварам да сцяны і загадалі завесці рукі за спіну. Яны былі вымушаныя стаяць так ад 15 хвілін да 1,5 сутак, а пры спробе памяняць позу міліцыянты ўжывалі гвалт: “... нас прывезлі на Акрэсціна, паставілі тварам да сцяны, рукі — за спіну, так мы і прастаялі ўсю ноч і раніцу да суда”, “...у ізалятары я прастаяў каля сцяны да 17.00 наступнага дня, не дазвалялі садзіцца, першыя 5 гадзін трымалі рукі за спіной”, “... пры спробе сесці на падлогу супрацоўнікі АМАПу білі”, “... у ізалятары чакалі афармлення пратаколу ў цэлым каля 26-27 гадзін, стоячы тварам да сцяны”.
Толькі 33 апытаныя ацанілі стаўленне да іх прадстаўнікоў праваахоўных органаў, у цэлым, як здавальняючае, альбо карэктнае, а ў некаторых выпадках нават як добрае: “... звычайныя міліцыянты ставіліся звычайна, начальства — негатыўна”, “... супрацоўнікі паводзілі сябе стрымана, за выключэннем некалькіх маладых лейтэнантаў, якія абражалі дзяўчыну з вывіхнутай нагой, нават штурхалі яе чаравіком”, “...супрацоўнікі ІЧУ больш-менш нармальныя, АМАП — вырадкі”, “…спецназ пачаставаў хлебам і салам (ініцыятыва малодшых супрацоўнікаў)”, “... у ІЧУ было 2 віды міліцыянтаў: штатныя, як я разумею, служачыя і міліцыянты, якіх на некалькі сутак забралі з плошчы ахоўваць нас. Першыя і другія вялі сябе без агрэсіі, хаця размовы першых былі не вельмі прыемнымі. Іншыя міліцыянты паводзілі сябе прыемна і з разуменнем, нават падтрымлівалі і нам дазвалялі скарыстацца сваімі мабільнікамі”.
Геаграфія затрыманняў 19 снежня 2010 года
Паглядзець Затрыманні 19 снежня 2010 на мапе большага памеру
Гэты рэпартаж быў падрыхтаваны ў снежні 2012 года.