У Мінску пачаўся “Музычны марафон салідарнасці”
Распачалі яго бард Зміцер Бартосік і паэт Славамір Адамовіч.
Нагадаем, выступы ў рамках “Музычнага марафона салідарнасці” адбудуцца з панядзелка па чацвер а 18-й гадзіне на Управе БНФ (Чарнышэўскага, 3). Падтрымаць палітвязняў у мастацкай форме вырашыла грамадская ініцыятыва “За Волю”. Вядомым музыкам, паэтам і мастакам прапанавалі зладзіць дабрачынныя канцэрты — і тыя адразу пагадзіліся.
У аўторак адбудзецца імпрэза музыкі Змітра Вайцюшкевіча ды мастака Алеся Пушкіна. У сераду праспявае Лявон Вольскі, хто будзе з ім у пары — пакуль невядома. Выступоўца на чацвер таксама пакуль удакладняецца.
Імпрэзы закліканыя нагадаць грамадству, што ў зняволенні застаюцца 16 палітвязняў. Арганізатары спадзяюцца, што аўтарытэтныя беларускія творцы змогуць прыцягнуць увагу да гэтай праблемы ды паспрыяць іх вызваленню. Уваход на імпрэзы вольны, але будзе зладжаны збор ахвяраванняў сем’ям палітзняволеных.