Вячаслаў Дашкевіч: Не далі нават патрымаць сына за руку… (фота+відэа)
У Глыбоцкай калоніі адбылося першае за працяглы час спатканне лідара “Маладога Фронту” Змітра Дашкевіча з бацькам. Зміцер паведаміў, што яму патрэбна аперацыя
Едучы ў Глыбокае, Вячаслаў Дашкевіч істотна хваляваўся. Найперш – ці будзе Зміцер на месцы. Бо напярэдадні спаткання ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя ад “дасведчанага супрацоўніка калоніі”, што Дашкевіча “перавялі на Валадарку”. Іншай прычынай хвалявання было здароўе Змітра – у якім стане будзе сын? Пасля галадовак, этапаў і карцараў бацька быў гатовы да ўсяго.
Палітвязень апынуўся на месцы – і Вячаслаў Дашкевіч патрапіў на дзвюхгадзіннае спатканне. Праз шкло, нават без звыклых тэлефонных слухавак. А ў шкле – ніводнай адтуліны. Так і крычалі адно аднаму, прытуляючыся бліжэй, каб пачуць адказ.
Вячаслаў Дашкевіч: “Здзівіла адразу тое, што там толькі 2 кабінкі. Звычайна ў такіх сітуацыях тэлефоны бываюць, а тут тэлефонаў няма – толькі праз шкло. Але я адразу ўбачыў, што ён здаравейшы, чым калі я яго бачыў у турме ў Жодзіна. Тады быў бульш хударлявы, больш сумны. Цяпер, можна сказаць, увогуле нармальны. У параўнанні з тым, што было ў Жодзіна, на Валадарцы і тым больш у Горках – намнога лепшы”.
Зміцер Дашкевіч быў схоплены за дзень да выбараў-2010 і асуджаны за нібыта хуліганства на 2 гады калоніі. Сядзець лідару "Маладога Фронту" застаўся 1 год і 1 месяц. Зміцер прызнаны міжнароднай супольнасцю палітвязнем.
Бацька Змітра вельмі пераймаецца, што на спатканне так і не пусцілі сынаву нявесту Насту Палажанку – хоць маглі.
Вячаслаў Дашкевіч: “Закон не забараняе сустрэцца з вязнем не толькі родным, але і блізкім знаёмым. Закон не забараняе – пры ўмове, што гэта паспрыяе “добраму станаўленню вязня”. Нявесце не дазволілі, спасылаючыся на… Не ведаю нават, на што. Хоць закон не забараняе…”
Вячаслаў Дашкевіч дадае, што Зміцер і Наста дагэтуль не могуць ажаніцца ўсё праз старую праблему - адсутнасьць пашпарта, які ўпарта не хочуць аддаваць з КДБ... Ці скардзіцца на што іншае Зміцер Дашкевіч?
Вячаслаў Дашкевіч: “Скардзіўся, што адна нага пабольвае. Дзесьці, не ведаю, ці яго ўдарылі, ці ён ударыў… Кажа, што патрэбна аперацыя – нешта з меніскам на адным калене. Дзе яго ўдарылі? Можа ўдарылі, калі хапалі – валаклі то за ногі, то за рукі…”
Зміцер па-ранейшаму сядзіць у камеры адзін.
“Ён многа чытае, многа піша, займаецца самааадукацыяй, вывучае англійскую мову, - працягвае бацька. - Яму рэдакцыя “Свободных новостей” дасылае газету ў канверце. Прасіў, каб выпісалі на квартал “Народную волю” і “Нашу Ніву”.
Вячаслаў Дашкевіч кажа, што супрацоўнікі калоніі іх размову пільна кантралявалі, але не ўмешваліся і не заміналі.
Вячаслаў Дашкевіч: “Сядзелі то жанчыны, то нейкія ў форме. Дзве кабінкі – і там таксама сустрэча. Мы крычым, яны крычаць… Але ніякіх заўваг нам ніхто не рабіў”.
На развітанне Вячаслаў Дашкевіч папрасіў хоць на імгненне патрымаць сына за руку – не дазволілі…
Вячаслаў Дашкевіч: “Ужо, праўда, калі я выйшаў, ён сабраў там рэчы, якія непатрэбныя – каб забраў назад. Я выйшаў, а ён яшчэ стаяў за дзверкай. Жанчына сядзела, я кажу: можна адкрыць дзверку, каб хоць за руку яго патрымаць?.. “Не, нельга”. Ну, нельга значыць нельга…”