Рассельгаснагляд знайшоў небяспечныя бактэрыі ў прадукцыі “Санта Брэмар”
Пад увагу расійскіх кантрольных органаў трапіла філе слабасалёнай сёмгі беларускай вытворчасці.
Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расіі знайшла ўзбуджальніка небяспечнай харчовай інфекцыі — бактэрыі лістэрыі ў філе слабасалёнай сёмгі беларускай кампаніі “Санта Брэмар”.
У сувязі з гэтым Россельгаснагляд узмацніў лабараторны кантроль за пастаўкамі прадукцыі “Санта Брэмар” з 13 лютага 2015 года.
“Санта Брэмар” — адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў беларускай рыбнай прадукцыі ў Расію. Прадпрыемства было створанае ў 1998 годзе як сумесная беларуска-германская вытворчасць.
Раней ў лютым Рассельгаснагляд знайшоў лістэрыі ў рыбнай прадукцыі іншага беларускага прадпрыемства — “Чызмастэр”, перадае ТАСС.
У 2014 годзе Рассельгаснагляд меў прэтэнзіі да прадукцыі беларускіх вытворцаў мяса: у прыватнасці, у прадукцыі беларускіх мясакамбінатаў знаходзілі геном віруса чумы свіней. З гэтай нагоды расійскі бок уводзіў часовыя абмежаванні на ўвоз на сваю тэрыторыю беларускай мясной прадукцыі.