Румас абяцае кропкавую падтрымку асобным буйным прадпрыемствам у час пандэміі
Нягледзячы на знешнія шокі сітуацыя ў эканоміцы ў першым квартале была кіраванай. Пра гэта прэм'ер-міністр Сяргей Румас заявіў на пасяджэнні Савета міністраў, дзе разгледзелі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў I квартале.
"Падатковы манеўр, адсутнасць дамоўленасцяў з расіейскім бокам па пастаўках нафты істотна ўскладнілі працу нафтахімічнай і транспартнай галін. Закрыццё межаў краінамі-суседзямі праз пандэмію адбілася ў першую чаргу на сферы паслуг. Зніжэнне цэн на сыравінных рынках, дэвальвацыя расійскага рубля паўплывалі на працу машынабудаўнічай галіны", — цытуе словы Румаса прэс-служба ўрада.
ВУП краіны за I квартал знізіўся на 0,3% — гэта на 1% ніжэй, чым было запланавана. Паспяхова працавалі толькі такія сферы, як сектар інфармацыі і сувязі, будаўнічая галіна і сельская гаспадарка.
Паспяховымі рэгіёнамі кіраўнік урада назваў Мінск, Брэсцкую, Гродзенскую і Магілёўскую вобласці. Зніжэнне валавага рэгіянальнага прадукту ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года адбылося ў Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях.
У бюджэт па выніках першага квартала недапаступіла каля 350 мільёнаў долараў. На гэта паўплывалі праблемы з пастаўкамі нафты, а таксама зніжэнне аб'ёмаў і цэн экспарту калійных угнаенняў.
Румас падкрэсліў, што Беларусь своечасова выплочвае даўгі ўнутраным і знешнім крэдыторам.
Таксама ён дадаў, што ва ўмовах пандэміі асобным буйным прадпрыемствам акажуць кропкавую падтрымку: "Там, дзе будзе зусім дрэнна, пры ўмове дастатковасці прынятых на месцах мер дзяржава акажа пасільную дапамогу, каб максімальна захаваць працоўныя калектывы і напрацаваныя эканамічныя сувязі. Урадам сфармаваная працоўная група, якая будзе сканцэнтраваная на кропкавай, індывідуальнай падтрымцы асобных буйных прадпрыемстваў". Узначальвае гэтую групу першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Крутой.
Кіраўнік урада даручыў Міністэрству эканомікі прааналізаваць, як працуе ўказ №143 "Аб падтрымцы эканомікі", накіраваны на сістэмную падтрымку асобных галін эканомікі ва ўмовах пандэміі. Па словах Румаса, ёсць звесткі пра шэраг праблем і перакосаў у вызначэнні сектараў і канкрэтных прадпрыемстваў, якія найбольш пацярпелі ад пандэміі.
Ён дадаў, што Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся павялічыць на 1,2 мільярда рублёў ліміт выдачы гарантый урада і мясцовых органаў улады для падтрымкі прадпрыемстваў.
Раней кіраўнік Беларусі заяўляў, што дзяржава будзе падтрымліваць толькі буйныя прадпрыемствы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.