Сахашчык — пра дакумент з узнагародай ад КДБ: "Проста намалявалі — і ўсё"
Валерый Сахашчык / "Брэсцкая газета"
У рэдакцыю сайта zerkalo.io невядомы 4 кастрычніка даслаў фатаграфію дакумента аб узнагароджанні Валерыя Сахашчыка нагрудным знакам ад Упраўлення ваеннай контрразведкі КДБ РБ.
Дакумент ад 14 снежня 2016 года нібыта сведчыць, што Сахашчык адзначаны нагрудным знакам "За ўзаемадзеянне". На той час экс-падпалкоўнік ужо 14 гадоў быў у запасе.
У каментары журналістам прадстаўнік Аб'яднанага кабінета па абароне і нацбяспецы Валерый Сахашчык назваў дакумент падробкай: "Нічога агульнага з КДБ я ніколі не меў. Тут нават няма чаго каментаваць. Проста намалявалі — і ўсё".
Ён падкрэсліў, што ніколі не меў нічога агульнага з КДБ і яго ніколі не ўзнагароджвалі.
Сахашчык заявіў пра інфармацыйны ўкід і прызнаў, што гэта "непазбежнае наступства таго, чым займаецца". На яго думку, аўтары такіх аперацый імкнуцца вывесці яго са стану душэўнай раўнавагі.
Дарэчы, на пачатку верасня стала вядома, што Сахашчык мае расійскі пашпарт. 22 верасня ён адправіў у амбасаду Расіі ў Польшчы дакументы з адмовай ад расейскага грамадзянства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.