СБУ забіла ўкраінскага банкіра, які дапамог сарваць наступ расіян на Кіеў — WSJ

Дзяніс Кірэеў / ru.wikipedia.org
Дзяніс Кірэеў / ru.wikipedia.org

Украінскі банкір Дзяніс Кірэеў, якога ў сакавіку 2022-га забіла СБУ, дапамог сарваць наступ расіян на Кіеў. Вялікае расследаванне на гэтую тэму апублікавала выданне The Wall Street Journal.

45-гадовы Кірэеў меў шмат знаёмстваў сярод прадстаўнікоў расійскай эліты. Ад вясны 2021 года ён супрацоўнічаў з украінскай разведкай. Менавіта ён, як піша WSJ, перадаў кіраўніку ГУР Кірылу Буданаву звесткі, якія дапамаглі абараніць Кіеў. "Калі б не Кірэеў, хутчэй за ўсё, Кіеў быў бы ўзяты", — сказаў Буданаў журналістам.

Калі ўкраінцы сарвалі планы расіян па хуткім захопе Кіева, Буданаў папрасіў Кірэева паўдзельнічаць у мірных перамовах. Украінскі банкір быў знаёмы з двума чальцамі расійскай дэлегамцыі, таму разведка меркавала, што ён зможа выйграць час. Кірэеў пагадзіўся, хаця і разумеў, што такім чынам стане відавочная яго сувязь з украінскімі спецслужбамі.

У дзень другога раўнду перамоваў Кірэеў у суправаджэнні аховы і агентаў вайсковай разведкі паехаў на вакзал у Кіеве. Там яго затрымалі супрацоўнікі СБУ, якія яго кудысьці павезлі. А праз паўтары гадзіны цела Кірэева з прастрэленай патыліцай знайшлі на тратуары ў цэнтры Кіева.

WSJ піша, што банкір быў забіты як здраднік, аднак пахаваны як герой. СБУ не каментавала здарэнне. Аднак праз некалькі месяцаў пасля забойства Кірэева Уладзімір Зяленскі звольніў кіраўніка Службы бяспекі і правёў серыю перастановак сярод яе генералаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі