Sciana прэзентуе EP_2013 (слухаць, спампаваць)

Брэсцкі гурт Sciana замяніў гук фірмовага саксафона на электронныя клавішныя і з імпэтам узяўся за запіс новага альбома.

“Змены ў складзе, мы лічым, пайшлі нам толькі “на руку”, — тлумачыць Еўрарадыё плюсы змен у гурце прадзюсар Зміцер Назараў. — У нас цяпер сфарміравалася каманда ідэйных людзей, якія разумеюць, куды ім рухацца. У гурце цяпер вельмі творчая абстаноўка, таму і альбом нарадзіўся вельмі хутка і безпраблемна. Гучанне стала больш сучасным і больш цікавым”.

Па словах Назарава, усе песні з мініальбома ўвойдуць у будучую пласцінку гурта. EP, як і новы альбом, адлюстроўвае пачуцці музыкаў і падзеі, якія здараліся з гуртом цягам апошняга часу. Аднак мініальбом уключае ў сябе і добра вядомыя творы: знакамітую “Калыханку” 2007 года і “Беларусь-Украіна” — дуэт “Сцяны” і ўкраінскага “Роллікса”. Праўда, у некалькі змененым варыянце.

“Мы цягнем “лямку” ужо 14 гадоў і робім тое, за што нам не сорамна, — працягвае Зміцер Назараў. — Мы выступаем за якасную, беларускую, беларускамоўную музыку: трэба ўздымаць планку. Бо шмат у каго ў галовах пануе стэрэатып, што беларускамоўная музыка — гэта такое “джы-джы-джы” і палітычныя тэксты са змагарскімі ідэямі. Не. Мы змагаемся з сабой і з гэтай сітуацыяй, што адбываецца з нашым гэтак званым шоў-бізам. Мы за якасную музыку. Мы думаем пра тэксты, аранжыроўкі, запіс і пра тое, што прэзентаваць людзям”.

На адну з песень з альбома “Новая хваля” Sciana плануе зняць відэа. І, натуральна, даць некалькі канцэртаў у падтрымку дыска, выхад якога запланаваны на восень.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі