Шнайдэр: Непрымальна, калі палітвязняў выпускаюць за прызнанне віны
Намеснік міністра замежных спраў Чэхіі распавёў, калі Еўропа пачне дыялог з Беларуссю, і расказаў каго могуць запрасіць на саміт “Усходняга партнёрства".
Еўрарадыё: Ці вядзе цяпер Еўропа перамовы з Беларуссю наконт вызвалення палітвязняў? Магчыма, таемныя?
Йіржы Шнайдэр: Калі таемныя, то я Вам, натуральна, не магу пра гэта сказаць... Але мы ўжо ясна сфармулявалі, што чакаем вызвалення ўсіх палітвязняў. Гэта першая перадумова для пачатку дыялога па ўсіх іншых сферах — як палітычных, эканамічных, гэтак і па нейкіх яшчэ... І я лічу абсалютна непрымальнай практыку, калі людзей выпускаюць з турмы толькі пры ўмове, што яны прызнаюць сваю віну.
Еўрарадыё: Ужо не першы раз у адносінах Беларусі і ЕС мы праходзім такі этап, калі людзі па палітычных матывах трапляюць у турмы, пасля з’яўляюцца заявы Еўрасаюза — вязняў вызваляюць, ЕС ідзе на дыялог. Пасля зноў людзі трапляюць у турмы, і ўсё паўтараецца... Ці не баяцца ў Еўропе зноў наступіць на старыя граблі? Магчыма, нешта зменіцца ў палітыцы Бруселя ў дачыненні да Мінска на гэты раз?
Йіржы Шнайдэр: Паверце, што нікому з нас не падабаецца гэта гульня ў коткі-мышкі з беларускім рэжымам. Але ў адносінах ЕС з Беларуссю існуе ўбудаваны парадокс: мы не хочам ізаляваць Беларусь, таму што Беларусь — гэта еўрапейская краіна і сусед Еўрасаюза, і мы хочам трымаць для вашай краіны адчыненыя дзверы. Але, з іншага боку, што мы можам зрабіць, калі дзверы ўвесь час зачыняюцца з беларускага боку?
Еўрарадыё: Як будуць будавацца адносіны Еўрасаюза з Беларуссю, калі ўсіх палітвязняў выпусцяць? Ці дастаткова гэтага для пачатку дыялога або вы чакаеце яшчэ некаторыя крокі?
Йіржы Шнайдэр: Вызваленне стане момантам, з якога пачнецца пэўны дыялог, але паўнавартасным я б яго не назваў. Дыялог залежыць ад шматлікіх іншых фактараў, і палітвязні — гэта найбольш бачны і, бадай, найбольш балючы пункт у нашых адносінах. Таму ў гэтым дыялогу будуць іншыя ўнутраныя крытэрыі, якія дазволяць ацаніць, наколькі поўна ён развіваецца. Я б перасцярог ад "чорна-белага" ўспрыняцца дыялогу з Беларуссю як нечага статычнага, што або ёсць, або няма. Гэта працэс, і як працэс ён мае розныя стадыі.
Еўрарадыё: Ці вядома ўжо, каго ад Беларусі запросяць на саміт “Усходняга партнёрства” ў Варшаву, які пройдзе 29-30 верасня?
Йіржы Шнайдэр: Натуральна, па-за пытаннем стаіць запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі. Гаворка ідзе пра запрашэнне прадстаўніка ўрада Беларусі. Калі шчыра, саміт — гэта заўсёды сустрэча кіраўнікоў краін, таму можна сабе ўявіць, што на сустрэчы будзе пустое крэсла. З іншага боку, палітыка “Усходняга партнёрства” — гэта палітыка ўключэння ўсіх бакоў. Так што ёсць аргументы як на карысць, так і супраць беларускага ўдзелу.
Еўрарадыё: І хто б гэта мог быць?
Йіржы Шнайдэр: Мы абмяркоўваем магчымасць запрасіць ад Беларусі міністра замежных спраў.
Еўрарадыё: А на якім узроўні на саміце будзе ўздымацца беларускае пытанне? Ці будзе ў выніковай дэкларацыі асобна згаданая Беларусь?
Йіржы Шнайдэр: Пытанне ў тым, што дэкларацыю павінны падпісаць не толькі краіны Еўрасаюза, але таксама ўсе краіны “Усходняга партнёрства” (Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова, Украіна і Беларусь — заўв. Еўрарадыё). Зразумела, Еўрапейскі саюз хацеў бы, каб у гэтай дэкларацыі быў асобны абзац пра Беларусь, таму што Беларусь без сумненняў з'яўляецца асобным выпадкам сярод краін “Усходняга партнёрства”.