“Шоу яны любяць” — кіраўнік ByPOL пра дзіўнае забойства “тэрарыста” ў Гродне
Аператыўныя здымкі КДБ / скрнышот АТН
“Знялі фільм, пастралялі, разграмілі кватэру”. Так кіраўнік ByPOL Аляксандр Азараў каментуе Еўрарадыё дзіўнае "забойства тэрарыста" ў Гродне, пра якое заявіла КДБ Беларусі.
Экс-сілавік звяртае ўвагу, што "тэрарыст", якога паказалі па дзяржаўным тэлебачанні, даволі незвычайны. Напрыклад, у яго на галаве парык, па якім адразу бачна, што гэта парык.
Аляксандр Азараў: На першы погляд, дадобна на фэйк. Ніякай інфармацыі пра тое, што на самой справе КДБ праводзіла нейкія мерапрыемствы і страляла там па людзях, у нас няма. Калі такое адбываецца, пра гэта ведае ўся міліцыя і наогул па трывозе падымаюцца людзі. Але нічога такога не было, і ў МУС ніхто не чуў нічога на гэты конт.
Еўрарадыё: Здымалі фільм?
Аляксандр Азараў: Магчыма. Бо міліцыя заўсёды задзейнічаная ў такіх выпадках. Напрыклад, калі ўзяць участковых інспектараў міліцыі, яны, калі нешта здараецца, ходзяць па ўсіх дамах навокал, пад’ездах, кватэрах і апытваюць людзей — што адбылося? Але такой інфармацыі няма, ніхто нічога не распавядае.
Еўрарадыё: Вось вы глядзелі на гэтага чалавека, якога сілавікі называюць тэрарыстам? Наколькі ён рэальны?
Аляксандр Азараў: Дзіўны парык у чалавека. Калі гэта шпіён, ён не будзе так апранацца. Падобна на пастаноўку.
Еўрарадыё: Інфармацыю падаюць так, што гэты нібы тэрарыст, якога “беглыя” экстрэмісты пераправілі з Польшчы, — гэта абвінавачванне ў бок ByPOL?
Аляксандр Азараў: Я не ведаю ў Польшчы ні экстрэмістаў, ні тэрарыстаў. Нам кажуць, што гэта замежны грамадзянін з падробленым расійскім пашпартам. Бо калі, напрыклад, сказаць, што гэта беларус і назваць яго дадзеныя, то адразу ўсе знойдуць яго сваякоў і знаёмых. Пачнуцца роспыты, што за чалавек і куды падзеўся. Тады адразу гэты фэйк будзе развеяны. А іншаземец — дык іншаземец. Ніхто не знойдзе. Дадзеных яго нам не даюць — нібы называюць прозвішча, але і яно несапраўднае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.