Што пра павышэнне пенсійнага ўзросту думаюць пажарныя, міліцыянеры і даяркі
У Беларусі плануюць павысіць пенсійны ўзрост. Найбольш верагодна, што заканчваць працу давядзецца на пяць гадоў пазней: жанчынам у 60 гадоў, мужчынам — у 65. Чакаецца, што закране новаўвядзенне не толькі "звычайных" людзей, але і прадстаўнікоў прафесій "з асаблівымі умовамі працы". То бок, міліцыянераў, лётчыкаў, артыстаў балета і цырка, сілавікоў, даярак.
Артысты балета цяпер могуць ісці на пенсію пасля 20 гадоў стажу. Звычайна ў тэатр яны прыходзяць пасля харэаграфічнай вучэльні ў 18 і “пенсіянерамі” становяцца ўжо ў 38-39. Павышэнне пенсійнага ўзросту пойдзе на карысць некаторым танцоўшчыкам, мяркуе народны артыст Беларусі, саліст Вялікага тэатра Ігар Артамонаў:
“Калі да дваццаці гадоў дадаць пяць, гэта не страшна, таму што многія знаходзяцца ў добрай форме, могуць танцаваць і пераходзіць на іншыя партыі, больш ўзроставыя, характэрныя, без уплыву на якасць спектакля. Гэта не праблема. Калі чалавек сам хоча і можа пяць гадоў яшчэ патанцаваць, то гэта, наадварот плюс, бо досвед і патэнцыял яшчэ застаюцца, і гэтым трэба карыстацца. У нашым тэатры працуюць некалькі салістаў, якія мусілі пайсці на пенсію. І ў кардэбалеце ёсць дзяўчаты, якія, нягледзячы на свой узрост, выглядаюць і працуюць значна лепш, чым тыя, хто прыйшоў тры гады таму з вучэльні”.
Сам 40-гадовы танцоўшчык мусіў сысці на пенсію два гады таму. Але ён па-ранейшаму выконвае галоўныя партыі ў лепшых балетных пастаноўках Вялікага тэатра і салістам у замежных тэатрах. Кажа, што пенсія ў два мільёны семсот тысяч не дае "расслабіцца" артыстам балета. Таму большасць з іх, калі не працягвае працаваць у тэатры, ідзе ў выкладчыкі і рэпетытары.
Міліцыянеры і супрацоўнікі МНС ідуць на пенсію ў 45 гадоў пры дастатковым стажы 20 гадоў.
"Уявіце, што вы жывяце на 20 паверсе, здарылася нейкая надзвычайная сітуацыя і вас прыехалі ратаваць 50-гадовыя ратавальнікі. Гэта трэба падняцца ў экіпіроўцы на паверх, узяць з сабой каля дваццаці кілаграмаў амуніцыі і не проста так стаяць, а яшчэ нешта рабіць. Думаеце, хутка вас выратуюць у такім выпадку?" — задаецца пытаннем 30-гадовы пажарны Аляксандр.
Па яго словах, людзі, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у тушэнні пажараў і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, падчас працы сутыкаюцца са шкоднымі прадуктамі гарэння, ад частых сігналаў "трывогі" пакутуе і нервовая сістэма. Таму заканчэнне працы паводле цяперашняга заканадаўства — тое, што трэба. На пенсіі, кажа Аляксандр, былыя супрацоўнікі МНС звычайна ўладкоўваюцца на працу, дзе цішэй і спакайней.
Павышэнне пенсійнага ўзросту — рэч неабходная для Беларусі, мяркуе маёр міліцыі ў адстаўцы Анатоль, бо, маўляў, у іншым выпадку на аднаго працуючага хутка будзе адзін пенсіянер. Што тычыцца супрацоўнікаў міліцыі, то тут да праблемы трэба падыйсці дыферынцыравана:
"Аператыўная служба ці следства — гэта цяжкая праца. Праца участковага — таксама нялёгкая, але прасцейшая, чым аператыўная. Працаваць у ахове грамадскага парадку ці ДАІ — прасцей. Таму аператыўнікам і следчым трэба пакідаць выхад на пенсію такім, як ёсць. Іншым можна і павысіць".
Пасля выхаду на пенсію, якой "ледзьве дачакаўся", Анатоль атрымлівае 4,5 мільёна. Кажа, што гэта сярэдняя пенсія для міліцыянераў. Ёсць і меншыя, ёсць вялікія, да сямі мільёнаў — у палкоўнікаў: усё залежыць ад звання, пасады, колькасці працоўных гадоў.
На пенсію даярка Наталля з Брэсцкай вобласці павінна была пайсці праз шэсць гадоў: неабходныя дваццаць гадоў стажу мусілі супасці з 55-годдзем. Цяпер шэсць гадоў могуць ператварыцца ў 11:
"Калі б я пайшла на пенсію ў 55, то на працу б і кроку не зрабіла, бо фізічна там вельмі цяжка. Мы разважалі ўжо між сабой: пенсіянеры, якія працуюць, — хто ў асноўным? Начальнікі! Тыя, у каго лёгкая праца, хто ходзіць з тэчкамі. А тыя, хто працуе ўсё жыццё фізічна, мае нагрузку на рукі і ногі, перад пенсіяй не маюць сілаў і хадзіць, не тое, каб "рваціся" і бегаць. На нашай працы ні хвіліны не пастаіш. Там ты ўвесь час у руху, як у цэху на заводзе. Да таго ж, мы пастаянна знаходзімся ў гумовых ботах — практычна іх не здымаем, толькі дома. А як кажуць, усе хваробы ад гумы. Плюс нагрузка на спіну, рукі, на ўсё нагрузка".
На заробак Наталля не скардзіцца: цяпер жывёлаводы атрымліваюць па 4-6 мільёнаў у калгасах — гэта больш, чым зарабляюць трактарысты ды паляводы. Але пенсія, уздыхае жанчына, незалежна ад выслугі гадоў, стажу і нагрузкі аднолькавая ва ўсіх: і ў кіроўцы, які быў за калгасным стырном 42 гады, і ў даяркі, якая прапрацавала на ферме 10 гадоў, — мільён семсот тысяч рублёў.