Што стане брэндам Мінска, будзе вядома амаль праз тыдзень (фота)
Спачатку лепшую працу абярэ прафесійнае міжнароднае журы, потым грамадская рада пры Мінгарвыканкаме.
Як стала вядома Еўрарадыё, грамадская рада пры Мінгарвыканкаме будзе абіраць брэнд Мінска 1 ліпеня. І яшчэ не факт, што ім стане праца брытанскай кампаніі Instid. Разглядаць будуць і іншыя варыянты.
У савет уваходзіць 34 чалавекі — дзеячы мастацтваў, культуры, спартсмены і гарадскія чыноўнікі. 1 ліпеня адбудзецца прэзентацыя брэнду Мінска, вядомых сініх палосак, за якія гарадскія ўлады заплацілі каля 30 тысяч долараў. Таксама на гэтым савеце будуць разглядаць і варыянты, якія даслалі мінчане.
А на некалькі дзён раней — 21 чэрвеня — свой конкурс пройдзе на фестывалі тэрытарыяльнага маркетынгу і брэндынгу Open. У гэтым конкурсе будуць удзельнічаць брытанскія сінія палоскі і альтэрнатыўныя брэнды, якія дасылалі мінчане ў межах "Зборнай Мінска па брэндынгу". Кажа дырэктар кампаніі "Satio" Жанна Грынюк:
"Многія спрабавалі маляваць, нехта проста пісаў тэксты. Прыйшло каля 70 слоганаў, тэкстаў, канцэпцый і, безумоўна, дызайнерскіх распрацовак, якія таксама прадстаўленыя на конкурс".
Але ацэньваць працы тут будзе міжнароднае журы, у якое ўвайшлі кіраўнікі брэндынгавых агенцтваў з Іспаніі, Партугаліі, Румыніі, ЗША, Расіі, Брытаніі, Нідэрландаў, Ісландыі... Не спартсмены, а прафесіяналы ў сферы брэндынгу, якія мусяць разабрацца.
"На конкурс выстаўляецца сама грамадская ініцыятыва "Зборная Мінска па брэндынгу". Журы зможа ацаніць, як яна працавала. Без аплат, без матэрыяльных стымулаў. Намі рухала толькі ідэя. Некаторыя работы, якія больш-менш завершаныя, выстаўленыя асобна. Удзельнічае таксама і Instid, англічане выставілі сваю працу паласатую на наш конкурс. Заўтра будзе вельмі цікава", — кажа Жанна Грынюк.
Зборная па брэндынгу — гэта альтэрнатыва, якая звярнулася да гарадскіх уладаў з просьбай не спяшацца прымаць варыянт ад брытанскай кампаніі і прапанавала свае варыянты.
"Людзі паказалі сваю любоў да горада. Распрацоўшчыкі запрошаныя гарадскімі ўладамі, яны як раз паказалі такое прыніжэнне нашай самаідэнтычнасці. Маўляў, няма нічога цікавага ў сталіцы, людзі не ведаюць самі пра свой горад нічога. І вось гэта не толькі не прафесійна, але і не этычна, сацыяльна безадказна. А мінчукі паказалі: ну і што, што мы не дызайнеры і не ўмеем так маляваць сіне-белыя палоскі — затое мы з душою намалявалі тое, як адчуваем свой горад. І толькі тады наш горад палюбяць. Не патрэбныя нам гэтыя этыкеткі чужынскія, якія нам не падыходзяць. І яны даказалі гэта".