Скандальны фільм "Авель" атрымаў трэцюю назву — "Код Каіна"
Пад такой назвай яго плануецца запусціць у замежны пракат.
Беларускі фільм "Мы, браты" заяўлены на закрытым паказе Канскага кінафестывалю.
Беларускі фільм "Мы, браты" выйдзе ў замежны пракат пад назвай "The Code of Cain" ("Код Каіна"). Таксама ён заяўлены на закрыты паказ Канскага кінафестывалю, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на генеральнага прадзюсара кінакампаніі Nonstop MEDIA і карціны Сяргея Ждановіча.
Па яго словах, гледачамі фільма стануць прадстаўнікі прэсы і дыстрыб'ютары. Паказ запланаваны на 13 траўня.
Паведамляецца, што англамоўная версія фільма "The Code of Cain" была прадстаўленая на закрытым паказе 4 траўня ў New York Film Academy ў Лос-Анджэлесе.
Выхад карціны "Мы, браты" ў шырокі пракат запланаваны на восень 2015 года. У Беларусі яго некалькі разоў анансавалі, але так і не паказалі.
Нагадаем, што працоўная назва фільма была "Авель". Потым аўтары змянілі назву на "Мы, браты". Цяперашняя назва — ужо трэцяя.
Стужку "Мы, браты" называлі афіцыйным адказам на фільм "Жыве Беларусь", зняты ў Польшчы.
Прадзюсар фільма "Мы, браты" абяцае, што 20 млрд рублёў вернуцца ў бюджэт