Следства сцвярджае, што ў Коржыча было псіхічнае расстройства. Але ці так гэта?
3 верасня ў судзе па “справе Коржыча” пракурор агучыў заключэнне пасмяротнай комплекснай судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы ў адносінах да загінулага салдата. Высветлілася, што дыягназ “саматаформная вегетатыўная дысфункцыя”, пастаўлены 21-гадоваму пінчуку падчас лячэння ў медычнай роце, судова-медычныя эксперты лічаць псіхічным расстройствам.
Следства ўпэўнена заяўляе: Аляксандр Коржыч павесіўся сам, а прычынай таму былі нестатутныя зносіны ў 3-й роце 3-й школы 72-га вучэбнага цэнтра ў Печах. Цяпер высвятляецца, што хлопец пакутаваў ад псіхічнага расстройства. Хаця судова-медычныя эксперты і пацвярджаюць, што 20 верасня вайсковец перастаў скардзіцца на болі ў сэрцы, а на момант выпіскі быў спакойным і адэкватным у паводзінах, а таксама — што няма такіх індывідуальных псіхалагічных асаблівасцяў, якія б адназначна прыводзілі да суіцыду, наяўнасць псіхічнага расстройства — гэта яшчэ адзін аргумент на карысць версіі пра самагубства.
Дыягназ “саматаформная вегетатыўная дысфункцыя” ўжо гучаў у судовай зале — яго каментавалі сведкі, якія выступалі ў судзе раней. У адрозненне ад следства, вайсковыя псіхіятры, якія аглядалі Аляксандра Коржыча, прытрымліваюцца думкі, што гэта не псіхічнае расстройства, а вельмі распаўсюджанае захворванне, уласцівае вялікай колькасці юнакоў.
“Ці можа стаць такі дыягназ падставай для самагубства?” — “Не”
31 жніўня псіхіятр, падпалкоўнік Павел Зарэцкі, які прымаў Сашу Коржыча 18 верасня 2017 года — за 8 дзён да яго меркаванага самагубства — казаў, што хлопец быў цалкам здаровы. У псіхіятра ўвогуле не было прычын ставіць нейкі дыягназ!
"Перад тым, як да мяне прывозяць ваеннаслужачых, мне дасылаюць іх дакументы, — распавядаў суду Зарэцкі. — Мне даслалі медыцынскую, службовую, сацыяльна-псіхалагічную характарыстыкі і асабістую справу Коржыча. Я вывучыў усё, пагаварыў з ім хвілін 40. Суіцыдальных думак не было. Ён хацеў працягваць службу ў войску. Ён быў нават трохі здзіўлены, што яго прывезлі да псіхіятра".
20 верасня Коржыча зноў павезлі да псіхіятра. На гэты раз — вышэйшага за Зарэцкага.
“Я такіх рэкамендацый не даваў. У той момант, калі ён знаходзіўся ў мяне, ён быў адэкватны і паводзіў сябе спакойна. Я не лічыў патрэбным выстаўляць яму дыягназ, таму што ён быў цалкам здаровы”, — працягвае даваць паказанні падпалкоўнік.
Пра дыягназ СВД, які паставілі Коржычу, падпалкоўнік Зарэцкі кажа так:
“Гэта можа з'явіцца амаль у кожнага чалавека, напрыклад, пасля сваркі з начальнікам. Гэта рабочы, расплывісты дыягназ, які ставіцца, калі лекары дакладна не ведаюць, што з пацыентам. Гэта дае магчымасць адправіць на далейшае абследаванне”.
Адна з адвакатак абвінавачаных цікавіцца ў псіхіятра, ці можа стаць такі дыягназ падставай для самагубства. Зарэцкі упэўнена адказвае: “Не”. Больш за тое, ён кажа, што паміж назвамі хвароб “саматаформная вегетатыўная дысфункцыя”, “вегетасасудзістая дыстанія” і “нейрацыркуляторная астэнія” можна паставіць знак роўнасці. Гэта ўсё не псіхічныя расстройствы, а толькі парушэнні вегетатыўнай нервовай сістэмы.
“Псіхічна здаровы”
Псіхіятр Марына Бубенчык, якая таксама прымала Аляксандра Коржыча, як і Павел Зарэцкі, паставіла яму дыягназ “псіхічна здаровы”. Пра гэта жанчына распавяла суду 30 жніўня.
Старшы сяржант, медбрат Міхаіл Мядзвецкі лячыў Коржыча, калі той трапіў у медпункт №1 вучэбнага цэнтра ў Печах.
“Нармальны хлопец, нічога звышнатуральнага, ніякіх думак не выказваў. Ляжаў з дыягназам “нейрацыркуляторная астэнія” і прастуднымі хваробамі. Дыягназ НЦА быў пастаўлены тэрапеўтам медроты”, — распавядае ў судзе старшы сяржант.
Коржыч скардзіўся Мядзвецкаму на болі ў сэрцы. Той даваў яму валяр’янку і рабіў ЭКГ. Кардыяграма не паказала праблем. Яе Коржычу ў медпункце зрабілі двойчы.