СМІ: Агент ГРУ Чапіга-"Башыраў" вывозіў з Украіны Януковіча

СМІ: Агент ГРУ Чапіга-"Башыраў" вывозіў з Украіны Януковіча

Палкоўнік расійскай разведкі ГРУ Анатоль Чапіга (вядомы як "Руслан Башыраў") узначальваў аперацыю па вывазе экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча ў Расію.

Пра гэта паведамляе hromadske.ua са слоў былога журналіста "Цэнтра кіравання расследаваннямі" Сяргея Канева. Гэты журналіст удзельнічаў у расследаванні The Insider і Bellingcat, якія вывучалі датычнасць "Башырава" і "Пятрова" да атручвання экс-афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.

Па словах Канева, Чапіга-"Башыраў" з падраздзяленнем спецназа прыбыў у рэзідэнцыю Януковіча — Межыгор'е. "Знаходзіўся там, ахоўваў яго. Адтуль яны транспартавалі яго ў Крым да Расіі", — прыводзіць hromadske.ua словы журналіста. Паводле інфармацыі Канева, менавіта за гэтую спецаперацыю Чапіга атрымаў званне "Герой Расіі".

Па словах Канева, званне Героя Расіі за эвакуацыю Януковіча з Украіны атрымаў і былы ахоўнік Пуціна Аляксей Дзюмін (цяпер ён стаў губернатарам Тульскай вобласці). Таксама, кажа Канеў, за эвакуацыю Януковіча былі ўзнагароджаныя людзі, якія ў далейшым склалі касцяк "ЧВК Вагнера" (гэтая вайсковая групоўка набыла вядомасць пры ваенных дзеяннях у Сірыі).

Журналісты звярнуліся да ўдзельнікаў судовага працэсу па справе Януковіча з пытаннем пра Чапігу-"Башырава". Ні адвакаты, ні пракурор гэтага прозвішча не ведаюць. Таксама яны не ведаюць, хто з расійскага боку прымаў удзел ва ўцёках Януковіча ў Расію. 

Як паведамлялася раней, сумеснае расследаванне The Insider і Bellingcat выявіла, што пад імем Руслана Башырава ў Вялікабрытанію прыязджаў супрацоўнік ГРУ Анатоль Чапіга. Яго разам з яшчэ адным расіянінам ("Аляксандрам Пятровым") падазраюць у атручванні расійскага перабежчыка Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі