Спіддэйтынг у Мюнхене: як дэмсілы вярталі Беларусь у фокус увагі

Святлана Ціханоўская / Офіс Святланы Ціханоўскай
Галоўнае пытанне беларускай філасофіі: што першаснае — вызваленне палітвязняў ці адмена санкцый? Рэжым пачаў выпускаць людзей праз ціск — ці ціск скарысталі як інструмент у перамовах з Лукашэнкам?
Пасля Мюнхенскай канферэнцыі Еўрарадыё паслухала пазіцыю па гэтым пытанні ад прадстаўніка Офіса Святланы Ціханоўскай Франка Вячоркі і беларускага палітыка Валера Кавалеўскага.
Абодва мінулыя дні правялі на канферэнцыі ў Мюнхене і зазначаюць, што атрымаўся добры нэтворкінг.
Валер Кавалеўскі: “Гаварылі пра небяспечнасць дыстанцыі паміж беларусамі і еўрапейскай сям’ёй”
Стваральнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі чакаў, што Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы стане пачаткам Новага году ў міжнароднай дыпламатыі. І таго ж, кажа Кавалеўскі, чакалі ад яе і іншыя ўдзельнікі — прынамсі, гэта было адчувальна па атмасферы.
— Было адчуванне, што абмеркаванне важных для Беларусі пытанняў — дасягненне мірнага працэсу ва Украіне — прыйдуць да кульмінацыі. Так і атрымалася. Але гэта не адзінае пытанне, якое важнае для Беларусі. Сярод іншых — паглынанне нашага суверэнітэту Расіяй і вызваленне палітзняволеных.
Я правёў шмат імправізаваных сустрэч, і такая дэмакратычнасць — гэта менавіта тое, чым слаўная Мюнхенская канферэнцыя. Тут можна “на нагах” пагаварыць з экспертамі і дыпламатамі ўзроўню міністраў краінаў.
Асобныя сустрэчы я правёў з прадстаўнікамі важных для нас міжнародных арганізацый — Еўрапейскага сюза і Паўночнаатлантычнага альянсу. З імі мы абмяркоўвалі не толькі тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, але і тое, што мы можам зрабіць дзеля дасягнення нашых мэтаў. Некаторыя з сустрэч засталіся непублічнымі, каб мы маглі працягнуць абмеркаванне ў камфортных умовах.
Мы пытаем у Кавалеўскага, ёсць у такіх сустрэч практычныя вынікі ці гэта проста “нэтворкінг”. Кавалеўскі пагаджаецца: такі складнік таксама ёсць. Удзельнікі канферэнцыі самі часам называюць гэтыя працэсы “спіддэйтынгам”.
— Для мяне самай карыснай была сустрэча з кіраўніцтвам службы знешніх сувязяў Еўрапейскага саюза. Была магчымасць падрабязна і разгорнута данесці праблемы палітзняволеных і пагрозы страты Беларуссю незалежнасці, праблему дыстанцыі, якая выбудоўваецца паміж нашай краінай і еўрапейскай сям’ёй. Гэтая дыстанцыя становіцца небяспечнай, і з ёй трэба нешта рабіць.
Вызваленне палітзняволеных — самая важная і вымяральная задача. Мы не можам проста абыходзіцца дэкларацыямі пра тое, што гэта прыярытэт. Мы павінныя шукаць практычныя падыходы, каб гэтую праблему вырашыць. У гэтым сэнсе было, вядома, вельмі важна, што прадстаўнік Дзярждэпартамента апынуўся на мінулым тыдні ў Мінску.
Паралельна з Кавалеўскім сустрэчы праводзілі прадстаўнікі Офіса і сама Святлана Ціханоўская. Ці каардынаваліся палітыкі, калі вызначалі, хто з кім і пра што будзе размаўляць?
— У нас не было наўпроставай каардынацыі. Офіс паводзіць сябе даволі закрыта і трымае сваю інфармацыю пры сябе. У нас ёсць даволі сур’ёзныя адрозненні ў падыходах: фактычна, Офіс карыстаецца падыходам 2021-2023 гадоў. Яны кажуць пра тое, што сітуацыю ў Беларусі можна вырашыць толькі праз ціск, і адмаўляюць неабходнасць перамоваў. То-бок іх формула такая: спачатку мусяць быць вызваленыя людзі, а потым можна будзе казаць пра зняцце санкцый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.