Справу аб ліквідацыі Магілёўскага праваабарончага цэнтра спынілі

Магілёўскі абласны суд 9 красавіка спыніў справу аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Магілёўскі праваабарончы цэнтр". Як паведамляе БелаПАН, галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкама адклікала свой пазоў.

Праблемы з юрыдычным адрасам у Магілёўскага праваабарончага цэнтра пачаліся летась. У верасні 2014 года абласное ўпраўленне юстыцыі звярнулася ў суд, каб прыпыніць дзейнасць МПЦ на тры месяцы, бо арганізацыя страціла юрыдычны адрас.

1 кастрычніка праваабарончая арганізацыя паведаміла, што мае дамову на новы юрыдычны адрас, і справа была спыненая. Аднак 5 снежня уладальнік памяшкання нечакана скасаваў дамову арэнды. Улады зноў вынеслі праваабаронцам папярэджанне, а потым падалі ў суд пазоў на ліквідацыю арганізацыі. Судовы працэс пачаўся 10 сакавіка 2015 года. Але 17 сакавіка разгляд справы быў прыпынены, бо МПЦ падаў заяву аб рэгістрацыі новага юрыдычнага адрасу.

27 сакавіка магілёўскія ўлады зарэгістравалі новы юрыдычны адрас МПЦ. Таму галоўнае ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама адклікала з суда свой пазоў.

У каментары агенцтву БелаПАН кіраўнік МПЦ Уладзімір Краўчанка заявіў: "Лічу, што справа сфабрыкаваная, сфальшаваная. Суд не палічыў патрэбным выклікаць асоб, вінаватых у незаконных дзеяннях адносна МПЦ, і спусціў гэтую справу на тармазах. Хоць паводле закону павінен быў прыняць меры па недапушчэнні парушэння заканадаўства надалей з боку галоўнага ўпраўлення юстыцыі".

Фота Краўчанкі — mahilyowspring.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі