Стала вядомая дата палёту беларусак у космас
Марына Васілеўская / БелТА
Дзве беларускі, Марына Васілеўская і Анастасія Лянкова, прыбылі ў Зорны гарадок, размешчаны ў Падмаскоўі, для падрыхтоўкі да палёту ў космас. Палёт запланаваны на 13 сакавіка 2024 года, паведамляе Раскосмас.
Трэніроўкі пачынаюцца сёння і зоймуць восем месяцаў. За гэты час беларускі мусяць вывучыць сістэмы пілатаванага карабля "Саюз МС" і расійскага сегмента МКС, адпрацаваць дзеянні ў выпадку няштатнай пасадкі ў розных кліматагеаграфічных зонах. Вядома, што "Марына Васілеўская ўключаная ў асноўны экіпаж 21-й экспедыцыі" на МКС разам з касманаўтам Алегам Навіцкім і астранаўтам NASA Трэйсі Дайсан. Анастасія Лянкова стане чальцом экіпажа-дубля разам з расійскім касманаўтам Іванам Вагнерам і астранаўтам NASA Доналдам Петытам.
У жніўні Васілеўскую і Лянкову чакаюць на прадпрыемстве "Зорка", дзе ў іх мусяць зняць меркі для пашыву скафандраў, піша ТАСС .
Нагадаем, Марына Васілеўская да апошняга часу працавала бортправадніцай авіякампаніі "Белавія", а Лянкова — дзіцячым хірургам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай хірургіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.