Старшыня журы адбору на Еўрабачанне: Усё было сумленна
Генадзь Давыдзька распавёў, што падчас галасавання “увесь час хацелася камусьці падцягнуць балы”.
Uzari & Maimuna прадставяць Беларусь на Еўрабачанні-2015, якое пройдзе 23 траўня ў Аўстрыі. Па выніках галасавання дуэт на 10 балаў апярэдзіў Анастасію Малашкевіч, якая заняла другое месца. На трэцім радку — ветэран нацыянальных адбораў на еўрапейскі конкурс спявачка Gunesh, якая ўдзельнічала ўжо ў 6-ы раз. А вось адны з фаварытаў фіналу, гёрлз-бэнд "Мілкі", сабраны пераможцам Еўрабачання-2009 Аляксандрам Рыбаком, — заняў толькі чацвёртае месца.
Уручаючы прыз пераможцу, старшыня журы Генадзь Давыдзька адзначыў, што ўсё было "сумленна".
"Цяжка было выбраць лепшых. Але ўсё было сумленна. Мы нават не размаўлялі. Кожны спрабаваў галасаваць так, як ён лічыць патрэбным. Увесь час хацелася камусьці падцягнуць балы, але конкурс — жорсткая штука. І калі чалавек выходзіць на рынг, нават гульнявы рынг, ён разумее, што можа прайграць. Гэта вельмі віртуальны пройгрыш, таму што тыя, хто сёння тут выступаў, — гэта нашы героі".
Акрамя Давыдзькі ў выбары прадстаўніка краіны на Еўрабачанні прынялі ўдзел народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Зарыцкі, начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Мар'яна Драбовіч, міжнародны музычны крытык Андрэй Міхееў, журналіст і піяр-менеджар беларускіх прадстаўнікоў на Еўрабачанні ў 2013-м і 2014-м гадах Сяргей Андрыянаў, дырэктар дырэкцыі радыёстанцыі "Радыус ФМ" Алена Трашчынская, тэлевядучы і шоў-мен Дзмітрый Новік.
Адзначым, што Сёлета прадстаўніка Беларусі выбіралі па новай схеме: 7 галасоў ад журы і 1 ад гледачоў, якія галасавалі з дапамогай смс-паведамленняў і тэлефанаванняў.
Фота: tut.by